Душой прапісаны на Палессі…


Словы, вынесеныя ў загаловак, належаць нашаму земляку Міколу Мятліцкаму, паэту, галоўнаму рэдактару часопіса “Полымя”. Разам са сваімі калегамі – пісьменнікамі А.І. Наварычам, А.І. Чарота і А.М. Зэкавым наведаў ён на мінулым тыдні Хойнікшчыну.

Пісьменнікі сустрэліся са старшынёй райвыканкома А.В. Бічаном, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкінай і загадчыкам аддзелы культуры райвыканкома В.І. Баранавым. Сярод іншых абмяркоўваліся і пытанні стварэння кнігі аб раёне, правядзення ў 2010 годзе ў Хойніках Дня беларускай пісьменнасці, дапрацоўкі кнігі “Памяць”.

У раённай дзіцячай бібліятэцы прайшла сустрэча з работнікамі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы (на здымку ўнізе). Наведалі госці аграгарадок “Глінішча”, пакінулі запісы ў Кнізе водгукаў ганаровых гасцей Дома-музея І.П. Мележа, па душах пагутарыў з яго дырэктарам С.П. Ліпніцкай М. Мятліцкі (на здымку ўверсе).

Апошнім пунктам паездкі стала в. Бабчын – радзіма Міколы Міхайлавіча. Там госці азнаёміліся з экспазіцыяй музея ПДРЭЗ. Хвалюючыя пачуцці ўзнікалі, калі ішлі яны па вуліцах некалі шумнай і вясёлай вёскі. Сёння тут толькі пустыя дамы сумна глядзяць выбітымі шыбамі. І ўсё-такі менавіта тут малая радзіма пісьменніка, тая частка Палесся, якая вабіць да сябе, нягледзячы ні на якія трагедыі.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *