У адпаведнасці з графікам

Сельское хозяйство

Доўгатэрміновыя прагнозы сіноптыкаў абяцаюць паўднёвым раёнам вобласці раннюю і зацяжную вясну, а таму ўшчыльную трэба брацца за падрыхтоўку тэхнікі да вясенне-летняга сезона. І ў першую чаргу неабходна рыхтавацца да веснавой сяўбы.

У сельгаспрадпрыемстве імя Мележа графік працоўных водпускаў механізатараў быў распрацаваны зараней з такім прыцэлам, каб работы па рамонту і падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі не спыняліся і вяліся ў адпаведнасці з такім жа распрацаваным графікам рамонту. Адным з палажэнняў гэтага графіка прадугледжаны штомесячны рамонт не менш чым двух трактараў. За перыяд з лістапада па студзень у гаспадарцы адрамантавана 6 адзінак трактарнай тэхнікі. На пачатак лютага да работы гатовы 28 з 35 трактараў, а на астатніх вядуцца інтэнсіўныя рамонтныя работы. Напрыклад, механізатары М.І. Богдан і В.В. Папаян займаюцца рамонтам тармазной сістэмы і заменай рамкамплекта трактара “Амкадор-332”, а побач на яме кіпяць работы па рамонту пярэдняга маста МТЗ-82.

Створана спецыялізаванае звяно па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, у якое ўваходзяць слесар-наладчык В.А. Шкода, газаэлектразваршчык А.Л. Каланіцкі і механізатары, за якімі замацавана канкрэтная тэхніка. Так, зараз рамонтнікі, а таксама механізатары І.І. Бандарчук і А.А. Бандарчук рыхтуюць да работы дыскавую борану БДТ-7.

На пачатак лютага гатовы да работы 5 з 7 плугоў, у тым ліку і 3 абаротныя, што стала вынікам стараннай пастаноўкі глебаапрацоўчай тэхнікі на кансервацыю яшчэ з восені. Дзякуючы гэтаму хоць заўтра могуць выехаць у поле імпартныя сеялкі “Сілка” і “Кунг”. Засталося толькі памяняць падшыпнікі і таксама будзе гатова да работы сеялка АПП-6 айчыннай вытворчасці.

Важна і тое, што за свае сродкі, выручаныя ад рэалізацыі кукурузы, гаспадарка зараней зрабіла неабходны запас дызельнага і бензінавага паліва. Каб эканоміць яго ў будучым, мележаўцы маюць намер непасрэдна напярэдадні пасяўной набыць дыскатар. Пасля аднаго яго праходу па глебе не патрэбны ні культывацыя, ні дыскаванне – можна адразу пускаць сеялку.

Для механізатараў і рамонтнікаў на мехдвары створаны нармальныя бытавыя ўмовы, а пасля заканчэння рабочага дня яго напружанне можна зняць пад гарачым душам і ў парылцы. Стымулюе работу людзей і тое, што за якасць і своечасовасць рамонтных работ прадугледжана прэміраванне.

У адпаведнасці з графікам вядуцца рамонтныя работы ў сельгаспрадпрыемстве “Судкова”. І тут высокая ступень гатоўнасці глебаапрацоўчай тэхнікі таксама абумоўлена яе належнай пастаноўкай на зімовае захоўванне. Не ўзнікне праблем з выхадам у поле чатырох пасяўных агрэгатаў, сеялак АПП-6 і АПП-4, абаротных плугоў і двух з трох наяўных бульбасаджалак, гноераскідвальнікаў і агрэгатаў для ўнясення мінеральных угнаенняў, двух з трох дыскаў, 28 з 37 трактараў.

Аднак у гэтай гаспадарцы магчымасці падрыхтоўкі тэхнікі абмяжоўваюцца фінансавым фактарам. Так, для рамонту двух “Амкадораў” неабходна выкласці ажно 12 мільёнаў рублёў: 8 – на замену стралы на адным і 4 мільёны – для замены рэдуктара пярэдняга маста на другім. Грошы патрэбны і на закупку масла для правядзення тэхнічнага абслугоўвання тэхнікі. Напружаная сітуацыя ў “Судкове” і з забеспячэннем дызельным палівам, нават зараз на надзённыя патрэбы яно ідзе, як кажуць, з калёс.

Тым не менш, тут таксама спадзяваюцца справіцца з усім аб’ёмам рамонтных і падрыхтоўчых работ да пачатку пасяўной.


Л. ЗАЯЦ,
начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду;
В.НАЗАРАНКА,
карэспандэнт “ХН”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *