Летуценніца Лукерка


Лідзія Канстанцінаўна Адамовіч (Казлоўская) нарадзілася ў 1960 годзе ў вёсцы Клівы Хойніцкага раёна. Закончыла Мінскі педагагічны інстытут, аўтар кніг “Першая запаведзь” (1995 г.), “Кветкі самотнай князёўны” (1999 г.), член саюза пісьменнікаў Беларусі. Працуе ў аддзеле культуры на Стаўбцоўшчыне.

Прапануем увазе чытачоў адзін з яе твораў, які Лідзія Канстанцінаўна даслала ў рэдакцыю.

Мая сваячка Лукерка – вясёлая свавольніца. Жыве яна з бацькамі ў прыгожых мясцінах, у маленькай, утульнай леснічоўцы. Лукерка вельмі любіць лес. Ведае кожную ягадную палянку, кожнае сховішча грыбоў-белагаловікаў, ведае, дзе вылупіліся птушаняткі, не раз назірала, як маці-птушачкі кормяць іх. Лукерка адрознівае па голасу птушак і ведае таямніцы маленькіх лясных жыхароў. Яна адчувае сябе сяброўкай лясных звяроў і птушак, крылатых матылькоў, яркіх самалёцікаў-стракоз, жучкоў, вандраўнічкоў-павучкоў і маленькіх мурашачак. І таму адчувае сябе маленькай часцінкай Сусвету. Жыве ў лесе, а калі выходзіць з яго, пераступае парог школы, яе не разумеюць аднагодкі, смяюцца, робяць кпіны.

Але Лукерка не крыўдзіцца на іх. Яна хоча, каб і яны таксама навучыліся бачыць свет такім, як бачыць яго яна. Ей так хораша жывецца ў гэтым казачным свеце прыроды! Тата працуе лесніком. Яна любіць сядзець з ім каля вогнішча і слухаць цікавыя расказы, асабліва пра тое, “як было даўней”, калі тата быў зусім маладым, як пакахаў маму, і зімою на санях паехаў да яе сватацца… Гэта было такое каханне!

Лукерка, як стане дарослай, таксама сустрэне такое каханне. Ей у класе падабаюцца некаторыя хлопчыкі, але яны не разумеюць Лукерку, не бачаць тое, што бачыць яна.

А яшчэ Лукерка любіць складаць казкі. Ідзе да школы праз лес, потым праз поле, пераходзіць рэчку, ідзе па вёсцы і фантазіруе. У тым маленькім свеце, які яна стварыла ў сваіх фантазіях, ёсць у Лукеркі верны сябар, які яе абараняе…

– Ты зноў не чуеш, што я табе кажу! – перапыніла мары настаўніца.

Яна сёння замяняе іх класную кіраўніцу, якая захварэла. Лукерка вельмі любіць Вольгу Сямёнаўну. Пасля ўрокаў клас ідзе да яе дадому, праведаць. І Лукерка таксама пойдзе.

– А ты не пойдзеш з намі! – гаворыць ёй пасля ўрокаў выдатніца Каця, лідэр класа. – Ты дрэнна паводзіла сябе сёння! Зноў глядзела ў акно і фантазіравала.

– Казачніца знайшлася, – засмяяўся Вадзік-задзіра.

І Лукерку адпіхнулі, пакінулі ў школьным двары. Спачатку яна хацела заплакаць. “Але мяне любіць сонейка!”, – успомніла Лукерка і ўсміхнулася, прыжмурыла вочы. Неба было такое чыстае, блакітнае і пяшчотнае. “Неба таксама любіць мяне!”, – падумала Лукерка, і, зусім падбадзёрыўшыся, заключыла: “Значыць, я – харошая. І ўсе людзі харошыя таксама!” І пакрочыла да рэчкі.Там раслі, а яна гэта ведала, ласкавыя незабудкі.

– Прывітанне! – схілілася яна да кветачак. –  Ідзіце да мяне! Сёння мы пойдзем з вамі ў госці!


*  *  *


– Добры дзень вам, Вольга Сямёнаўна! – наперабой гаманілі дзеці каля настаўніцы.

– А дзе ж Лукерка? – пацікавілася тая, ставячы на стол пачастункі: пячэнне і чай.

– Ой, ды яна такая! – скрывілася выдатніца Каця. – Навошта яна нам?

У гэты момант дзверы ў хату расчыніліся. Лукерка з букетам блакітных незабудак, пад колер сваіх шчаслівых вачэй, гучна прывіталася з усімі.

– Вам прывітанне ад нашай рэчкі! – паднесла Вользе Сямёнаўне букет, усміхнулася. – А ведаеце, каго я там нядаўна бачыла?

– Каго, каго? – здзівіліся дзеці і настаўніца.

– У нас з’явіліся бабры…

– Праўда? – зацікавіўся Вадзім. – Іх жа занеслі ў Чырвоную Кнігу.

– І чорных буслоў, – дадаў нехта з дзяцей.

Усе ажывіліся, з зацікаўленасцю сталі гаварыць аб прыродзе.

І што за дзіва гэтая Лукерка! Жывая, вясёлая,  проста званочак! І такая добрая, і любіць усіх! Ну, проста пасланец Нябёсаў!


Лідзія АДАМОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *