Курс — на тэхнічнае пераўзбраенне

Сельское хозяйство

Аналізуючы вынікі работы жывёлаводаў раёна па вытворчасці малака за мінулы год, нельга не адзначыць перадавыя пазіцыі сельгаспрадпрыемстваў “Аравічы” і “Веляцін”. Акрамя таго, у дзвюх гэтых гаспадарках лепшыя вынікі работы і ў параўнанні з 2008 годам: па валавому аб’ёму вытворчасці малака ў працэнтных суадносінах “Аравічы” маюць 127,6% , а “Веляцін” – 123%. Есць што адзначыць і па сярэдняму надою ад каровы. У 2009 годзе ў “Аравічах” атрымана +740 кілаграмаў у параўнанні з паказчыкам 2008 года, а ў “Велеціне” дабаўка сярэдняга надою ад каровы склала +653 кілаграмы.

Плённую работу КУП “Аравічы” адлюстроўвае і той факт, што ў першай дзесятцы лепшых аператараў машыннага даення адразу 5 прадстаўнікоў гэтай гаспадаркі, а лепшай даяркай у раёне стала Марыя Васільеўна Штагер, якая ў сярэднім атрымала па 6089 кг малака ад кожнай каровы сваёй групы.

У цэлым жа лічба валавога надою ў 2009 годзе ў параўнанні з паказчыкам 2008 года па раёну склала 115,7%. Ніжэй сярэднераённых гэтыя лічбы ў “Хойніцкім Аграсервісе” (103%) і сельгаспрадпрыемстве “Судкова” (105%).

Працягваецца працэс тэхнічнага пераўзбраення малочнатаварных ферм. У мінулым годзе ўступіў у строй дзеючы жывёлагадоўчы комплекс у Тунеўшчыне, на многіх МТФ устаноўлена новае абсталяванне і на сённяшні дзень малакаправодамі аснашчана 9 ферм, халадзільнікамі закрытага тыпу – 17.

Гэты працэс будзем працягваць і ў бягучым годзе. Так, заказаны 2 малакаправоды для “Хойніцкага Аграсервіса” (пакуль што на яго фермах іх не было наогул), 3 – для “Аравіч”, 2 – для “Велікаборскага”, дзве даільныя ўстаноўкі маюцца і ў агракамбінаце “Віць”, і ў гэтым годзе неабходна зрабіць іх мантаж.

Гэта дазволіць павысіць якасць малака. Што датычыць мінулагодніх паказчыкаў якасці, то ў асноўным атрыманае малако рэалізоўвалася вышэйшым і першым гатункамі (у тым ліку вышэйшым – 8743 тоны, або 46,8% ад усёй колькасці). Аднак летась 49 тон (0,3%) было рэалізавана гатункам “Экстра” (23 т – “Аравічы”, 15 т – КСУП імя Мележа і 11 т – “Судкова”). На жаль, былі і факты рэалізацыі малака другім гатункам – у агракамбінаце “Віць”, “Велікаборскім” і “Судкове”.

А ў цэлым па якасці малака лепшыя паказчыкі дасягнуты зноў жа ў “Аравічах” і “Велеціне”.

У сярэднім па раёну таварнасць малака склала 81%. Ніжэй сярэднераённага гэты гадавы паказчык у сельгаспрадпрыемствах “Велікаборскі” і “Судкова”.


У. БОНДАР,
галоўны заатэхнік райсельгасхарчу.


Лепшыя аператары машыннага даення за чацвёрты квартал 2009 года


На вытворчасці для іх не ствараюць нейкіх асаблівых умоў. І ўмовы тыя не назавеш ідэальнымі, хаця ў апошнія гады нямала зроблена ў гаспадарках для ўмацавання кармавой базы, праводзіцца рэканструкцыя ферм. І ўсё ж у кожным працоўным калектыве ёсць людзі, вынікі працы якіх істотна адрозніваюцца ад іншых. Многае, вельмі многае залежыць ад таго, як чалавек адносіцца да даручанай справы.

Да прыкладу, аператары машыннага даення Веляцінскай фермы КСУП “Веляцін” Ніна Валянцінаўна Баярына і Марына Сяргееўна Ярац разам абслугоўваюць адну групу кароў. Не дзеляць абавязкі на “мае” і “твае”, без слоў разумеюць  адна адну, калі патрэбна не лічацца з асабістым часам. Таму і поспех  – агульная заслуга Ніны Валянцінаўны і Людмілы  Сяргееўны. У чацвёртым квартале мінулага года яны выйшлі ў лік пераможцаў раённага спаборніцтва жывёлаводаў. Добрыя вытворчыя паказчыкі ў жанчын і за першы месяц 2010 года.

 У ліку раённых лідэраў па надоях малака ад замацаванага пагалоўя кароў за чацвёрты квартал вопытная жывёлаводка Алена Мікалаеўна Сіманава з КСУП “Судкова” і малады аператар машыннага даення Езапоўскай  малочнатаварнай фермы сельгаспрадпрыемства “Агракамбінат “Віць” Таццяна Уладзіміраўна Шчогалева. Акуратныя і адказныя ў грамадскай вытворчасці, яны такімі ж з’яўляюцца і ў дамашняй абстаноўцы. У кватэры Алены Мікалаеўны і ў доме Таццяны Уладзіміраўны заўсёды ўтульна і чыста.

Багаты вопыт і старанне прыносяць добрыя працоўныя здабыткі таксама аператару машыннага даення фермы “Забалацце” ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”  Веры Міхайлаўне Лавар.

Усім ім за добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай вытворчасці, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у чацвёртым квартале 2009 года аб’яўлены Падзякі раённага выканаўчага камітэта.

На здымках: В.М. Лавар, Т.У. Шчогалева, Н.В. Баярына, М.С. Ярац і А.М. Сіманава.


Фота Уладзіміра СЯМЁНАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *