Шляхамі Перамогі


Тэатр песні Ірыны Дарафеевай у межах тура “Шляхамі Перамогі”, прысвечанага 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, наведаў з канцэртнай праграмай Хойнікі.

Глядзельная зала ГЦКіС “Меліяратар” 14 сакавіка была перапоўнена да адказу ўдзячнымі гледачамі, аматарамі творчасці заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь.

Са сваёй новай канцэртнай праграмай, у якую ўвайшлі песні, напісаныя расійскімі аўтарамі М. Танічам, А. Пахмутавай, М. Дабранрававым і інш., спявачка выступала ў Беларусі амаль 300 разоў.

У Хойнікі Ірына Дарафеева прыехала разам з групай “Форс-мінор”, удзельнікі якой прадэманстравалі  майстэрства ігры на музычных інструментах.  Малады артыст Віталій Гардзей выканаў песні не толькі дуэтам са знакамітай спявачкай, але і сольна.

Цёплая атмасфера панавала ў зале на працягу дзвюх гадзін, гучалі песні патрыятычнай накіраванасці, хайнічане ў сваю чаргу дзякавалі апладысментамі і кветкамі.

Намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка перадаў Ірыне Дарафеевай Падзячны адрас ад старшыні райвыканкома А.В. Бічана і старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкінай. Начальнік аддзела культуры райвыканкома В.І. Баранаў уручыў спявачцы шыкоўны букет пунсовых руж.

Усе жадаючыя  сфатаграфаваліся з Ірынай Дарафеевай і атрымалі аўтографы.


Алена СМУСЯНОК.
Фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *