Узначаліўшы калектыў адкрытага акцыянернага таварыства “Хойнікірамбуд” тры гады назад, Г.А. Васіленка ўпэўнена вывела яго ў лідэры ў нашым раёне. Прадпрыемства перастала быць стратным. Падцвярджэнне гэтаму – калектыў прызнаны пераможцам сярод працоўных калектываў у будаўніцтве па выніках работы за 2009 год і занесены на раённую Дошку гонару.
За 25 гадоў, а менавіта столькі працуе Ганна Аляксандраўна ў арганізацыі, прайшоўшы шлях ад бухгалтара да кіраўніка, дасканала асвоіла ўвесь працэс будаўніцтва. І ні разу, як прызналася ў размове, не пашкадавала аб абраным шляху. Зараз асноўнай задачай лічыць дасягненне станоўчых вынікаў падначаленай арганізацыяй і павышэнне прафесіяналізму калектыву. Аб гэтым размова з ёй карэспандэнта “Хойніцкіх навін”.
– Ганна Аляксандраўна, раскажыце, з якімі вынікамі закончылі 2009 год?
– Хаця хваліцца не хочацца, але патрэбна прызнаць, што мінулы год мы закончылі з добрымі паказчыкамі. Выканалі план будаўніча-мантажных работ на 180 працэнтаў. Атрымалі прыбытак у 400 мільёнаў рублёў пры плане 45. Рэнтабельнасць за год склала18,7 працэнта.
Такое старанне было ацэнена. Тры нашыя работнікі былі адзначаны на раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі раёна. Званне “Лепшы па прафесіі” было прысвоена тынкоўшчыку-маляру Марыі Васільеўне Ходас. Яна ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкома. Падзяку раённага выканаўчага камітэта за асабісты ўклад у выкананне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2009 годзе атрымалі муляр Дзмітрый Барысавіч Лаўрусенка і вадзіцель Віктар Віктаравіч Мягкоў.
Папоўніўся летась машынны парк. З інавацыйнага фонду Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва быў выдзелены аўтамабільны кран.
– На якіх аб’ектах былі заняты вашы работнікі?
– Прымалі ўдзел у будаўніцтве аграгарадка Вялікі Бор. Выканалі там знешні і ўнутраны рамонт мясцовай амбулаторыі, добраўпарадкавалі прылягаючую тэрыторыю, пабудавалі ў аграгарадку пяць аднакватэрных дамоў. Таксама тры аднакватэрныя дамы здадзены ў вёсцы Храпкаў.
Акрамя гэтага ўцяплілі фасад жылога дома па вуліцы Жукава, 9, закончылі рамонт даху дома па вул. Першамайскай, 15, адрамантавалі помнік загінуўшым жыхарам у гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Паселічы. Часткова замянілі вокны ў Віцьеўскай школе і СШ № 1 г. Хойнікі. Праводзілі рамонт і афарбоўку фасадаў жылых дамоў па вуліцах Калесніка і 70 год Кастрычніка.
– Расскажыце, як пачалі 2010 год, якія работы выкананы за два месяцы сёлета?
– Працягваецца рамонт дома па вул. Першамайскай,15. Прадстаіць адрамантаваць лесвічныя пляцоўкі, пад’езды, аднавіць электраправодку, добраўпарадкаваць прылягаючую тэрыторыю.
За ўласныя сродкі плануем набыць трактар, таму што тэхнікі для такога аб’ёму работ патрэбна болей.
– Дарэчы, якія аб’екты даручаны арганізацыі да Дня беларускага пісьменства?
– Розных работ запланавана больш чым на тры мільярды рублёў. Фінансаванне будзе ажыццяўляцца з абласнога бюджэту, але пакуль што працуем за ўласныя сродкі.
Працягваюцца работы па першай гарадской школе, дзе плануецца замена даху і рамонт фасаду. Прадстаіць адрамантаваць дах і фасады дамоў №№ 34-36 па вуліцы К.Маркса райцэнтра.
Прыступілі да капітальнага рамонту з элементамі мадэрнізацыі былога адміністрацыйнага будынка насеннай інспекцыі па вуліцы К. Маркса, 63. Тут будзе размешчана аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў, якія састаяць на ўліку ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Клапоцімся і аб добраўпарадкаванасці службовых памяшканняў і прылягаючай тэрыторыі да “Хойнікірамбуда”. У прыватнасці, плануем вырабіць жалезабетонную агароджу, пафарбаваць адміністрацыйны будынак і склады, якія выходзяць на вуліцу Паркавая.
Работы, канешне, нашай будаўнічай арганізацыі прадстаіць многа, але будзем старацца. Людзей хапае, зараз у арганізацыі працуе 75 чалавек. Кадры ў нас кваліфікаваныя, вопытныя, адказныя, да работы адносяцца старанна. Заўсёды імкнуцца да павышэння прадукцыйнасці працы, прытрымліваюцца стандартаў якасці. Упэўнена ва ўсіх сваіх работніках і думаю, што ўсе намечаныя задачы нам па сілах.
Запісала Вольга БЕЛАШ.