Падводзім вынікі футбольнага турніру

Спорт

Так ужо склалася, што футбольныя каманды Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і КЖУП “Хойніцкі камунальнік” у апошнія гады традыцыйна спаборнічаюць паміж сабой за пальму першынства ў раённых футбольных турнірах. Вось і па выніках апошняга першынства раёна па міні-футболу, гульні якога завяршыліся ў сакавіку, абедзве гэтыя дружыны таксама трапілі ў лік прызёраў.

Аднак пажынаць лаўры трыўмфатараў спаборніцтваў на гэты раз наканавана было не ім: нечакана для многіх пераможцамі сталі футбалісты ТДА “ПірамСервіс”. Сваю сілу гэтая каманда прадэманстравала яшчэ ў мінулым годзе, калі заваявала малы кубак за трэцяе месца ў першынстве раёна па летняму футболу. І вось новы поспех: у супрацьстаянні з камунальнікамі футбалісты “ПірамСервіса” двойчы перамаглі з лікам 6:3 і 6:4, паядынкі з камандай запаведніка яны таксама завяршылі на сваю карысць 7:6 і 5:5. Дарэчы, гэтая нічыя стала для пераможцаў турніру адзінай стратай ачкоў, бо ва ўсіх астатніх паядынках яны атрымлівалі адны толькі перамогі. Таму чэмпіёнства “ПірамСервіса”, які набраў 52 ачкі ў 18 гульнях, аспрэчванню не падлягае.

На 7 ачкоў ад пераможцаў адстала каманда КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, якая ў сваю чаргу на 4 ачкі апярэдзіла футбалістаў запаведніка. Цікава, што адрыў гэты забяспечылі якраз вынікі гульняў каманд паміж сабой: першая з іх завяршылася ўнічыю (усё тыя ж містычныя 5:5!), а ў другой камунальнікі ўзялі верх з пераканаўчым лікам 17:7.

Таксама па традыцыі каманда камунальнікаў бліснула высокай выніковасцю, паразіўшы вароты сапернікаў у гэтым турніры ажно 265 разоў. А самымі надзейнымі сталі лініі абароны футбалістаў “ПірамСервіса” (68 прапушчаных мячоў) і каманды ПДРЭЗ (75).

Варта адзначыць і паспяховае выступленне каманды КУП “Аравічы”, якая ў дэбютным для сябе сезоне набрала 39 ачкоў і заняла высокае чацвёртае месца. Пры гэтым футбалісты “Аравіч” таксама перашагнулі рубеж у 200 забітых галоў (207).

Што датычыць наступнага размеркавання месц, то па заканчэнні турніра яно наступнае: 5 месца – РУП “Хойніцкі торфабрыкетны завод” (28 ачкоў); 6-е – РАУС (26); 7-е – ДПТВ-183 (15); 8-е – ДРУП “Хойніцкі завод гідраапаратуры” (13); 9-е – ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” (9); 10-е – цэнтральная раённая бальніца (4); 11-е – цэх газавай гаспадаркі (3).


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *