Справа ўсяго жыцця — служэнне людзям

Асобы Хойнікшчыны

DSC_0352Ёсць людзі, якіх прырода шчодра надзяліла асаблівым дарам – выключнай добрасумленнасцю. Гэта як талент: мае яго чалавек – і цвёрда стаіць нагамі на зямлі. Не кідаецца з адной крайнасці ў другую ў пошуках так званага свайго месца ў жыцці. Вядома, можна паважаць і летуценнікаў, але жыццё робяць рэалісты. Такія людзі ўпрыгожваюць месца, а не месца іх.

Віктар Іванавіч Кабылка быў бы выдатным як аграномам і краўцом, так следчым і качагарам, як нафтавіком, так і таксістам… Па закону карыснасці для людзей па той жа добрасумленнасці. А ён стаў медыкам, адным з прадстаўнікоў самай гуманнай прафесіі. Па яго прызнанню, прафесія – гэта любімая справа. Справа, якой ён верна служыў на працягу 40 гадоў.

Цягу да медыцыны Віктар Кабылка адчуў вельмі даўно. Пасля аднаго выпадку, які адбыўся з ім, сямікласнікам, ён проста абагаўляў людзей у белых халатах. Яму рабілі аперацыю па прычыне апендыцыту, у той час яна выконвалася пад мясцовай анэстэзіяй, наркозу не было. Хлопец уважліва слухаў размову ўрача і медсястры, прасочваючы такім чынам увесь ход аперацыі. Але ўсё ж спачатку пайшоў іншым шляхам у выбары прафесіі. Пасля заканчэння Палонкаўскай сярэдняй школы на сваёй радзіме ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці паступіў у абласную спецыялізаваную спартыўную школу, таму што захапляўся баскетболам і лёгкай атлетыкай. У гэтай жа школе да службы ў арміі працаваў выкладчыкам фізкультуры. Адслужыўшы, паступіў у Гродзенскі медыцынскі інстытут па спецыяльнасці лячэбная справа. Інтэрнатуру праходзіў у Гомельскай абласной клінічнай бальніцы, потым быў галоўным урачом Руднянскай участковай бальніцы Кармянскага раёна.
Агульнапрынята, што сельскі ўрач – гэта і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Яму даводзіцца быць адзін на адзін з хворым, калі пад рукой няма суперсучаснай апаратуры, цэлага штата «вузкіх спецыялістаў», і патрэбна ў многім спадзявацца на свой вопыт і майстэрства. Віктар Іванавіч быў і тэрапеўтам, і педыятрам, і кардыёлагам, і неўролагам, і хірургам. Да таго ж, даводзілася мець справу з пацыентамі розных узростаў: ад самых маленькіх да пажылых. Да ўрача вяскоўцы адносіліся з вялікай павагай.

З 1979 года працоўны лёс В.І. Кабылкі звязаны з Хойнікшчынай: быў урачом-фтызіятрам, галоўным урачом тубдыспансера, намеснікам галоўнага ўрача райбальніцы. А з 1991 года займаў пасаду галоўнага ўрача Хойніцкага раённага тэрытарыяльна-медыцынскага аб’яднання. На той час у састаў аб’яднання ўваходзіла райбальніца на 310 ложкаў, 2 участковыя бальніцы, 2 урачэбныя амбулаторыі, 17 фельчарска-акушэрскіх пунктаў і 4 здраўпункты. Была даволі добрая клінічная база, праводзіліся многія віды абследаванняў, рабілася ўсё, каб на належным узроўні арганізоўваць ахову здароўя насельніцтва раёна.
Быў захаваны прынцып мінулых гадоў: самы галоўны здабытак – гэта людзі: урачы, загадчыкі аддзяленняў, медсёстры, санітаркі. Калектыў медыкаў, па крайняй меры, на працягу таго часу, пакуль Віктар Іванавіч кіраваў, як кажуць, будаваўся па цаглінцы. Многія не вытрымлівалі патрабаванняў, засталіся тыя, хто мог і хацеў працаваць у такой далікатнай сферы чалавечых узаемаадносін. Тады практычна было вырашана пытанне забеспячэння медустаноў раёна сярэднім медыцынскім персаналам за кошт мэтавых накіраванняў ТМА.

DSC_0346Асабіста В.І. Кабылка лічыць, калі ты прыйшоў у медыцыну, прыйшоў да хворага чалавека, то не можаш дрэнна адносіцца да яго. Хворы мае права на капрыз, раздражнёнасць, на неаб’ектыўныя, на першы погляд, прэтэнзіі або незразумелыя пажаданні менавіта па той прычыне, што ён – хворы. Таму, акрамя лячэння, кожнаму пацыенту патрэбна яшчэ элементарная ўвага – для яго гэта важней за таблеткі. Даводзіў, што ёсць толькі два месцы на зямлі, дзе ўсё павінна быць чыста, па-добраму і па сумленню: гэта храм і бальніца. І не трэба нічога новага прыдумваць, дастаткова памятаць клятву Гіпакрата і жыць па асноўных хрысціянскіх запаведзях. У нашай райбальніцы, амаль адзінай у Беларусі на той час, у штат быў уведзены свяшчэннік, які быў свайго роду псіхолагам для пацыентаў, цяжкахворых людзей.
Бальніцу лічыў В.І. Кабылка сваім першым домам. Рана прыходзіў, дапазна заседжваўся. І не таму, што не мог рацыянальна арганізаваць сваю работу, а таму што ўсе папяровыя справы пакідаў напаследак. Весці прыём наведвальнікаў – асноўная задача галоўнага ўрача. Ён працаваў з людзьмі – і з хворымі, якія ідуць на прыём, і з медработнікамі, а ўсе адміністрацыйныя справы адкладваў на «потым». У асноўным прытрымліваўся графіка прыёму, але не мог не выслухаць чалавека, які прыехаў з вёскі і не ведаў аб распарадку прыёму. Як галоўны урач адносіўся да ўсіх аднолькава роўна, не дапускаў канфліктаў, шмат увагі ўдзяляў выхаванню маладых спецыялістаў.

Трэба сказаць, што кіраўніцкая праца В.І. Кабылкі выпала на вельмі складаны час, выкліканы катастрофай на Чарнобыльскай АЭС. Ужо ў першыя дні пасля аварыі ён, будучы намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскаму абслугоўванню насельніцтва, разам з галоўным урачом раённай санстанцыі Георгіем Іванавічам Мысліўчыкам выязджалі ў зону радыеактыўнага забруджвання, рэвізавалі наяўныя там медустановы. Пазней В.І. Кабылка ўзначальваў брыгады па эвакуацыі насельніцтва і па медыцынскаму абслугоўванню насельніцтва, якое засталося жыць на забруджаных тэрыторыях.

У чэрвені 1998 года ў Мінску працаваў І з’езд урачоў Беларусі, на якім з дакладам «Здароўе нацыі – вышэйшая каштоўнасць дзяржавы» выступаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Дэлегатам з’езда быў і В.І. Кабылка, ён агучыў праблемы ў медабслугоўванні ў раёне, які найбольш пацярпеў ад атамнай катастрофы, выказаў шэраг прапаноў, якія ў будучым былі ператвораны ў жыццё. Гаварыў аб тым, што наспеў час прыняць закон аб абавязковым флюараграфічным абследаванні дарослага насельніцтва – калі гэта праблема застанецца прэрагатывай толькі медыцынскіх работнікаў, туберкулёз не будзе пераможаны. Для работы з дыспансернай групай хворых, дынамічнага назірання, лячэння і аздараўлення патрэбны спецыялісты. А каб яны замацаваліся ў раёне, трэба выдзяляць жыллё. І заработная плата медработнікам у пацярпеўшых раёнах павінна ўстанаўлівацца ад узроўню радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі. Гэтыя ж пытанні Віктар Іванавіч лабіраваў, будучы членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога склікання ў 2000-2004 гг., працуючы ў пастаяннай камісіі па сацыяльных пытаннях.
За час работы на адміністрацыйнай пасадзе ў раёне В.І. Кабылка зарэкамендаваў сябе вопытным, высокакваліфікаваным арганізатарам аховы здароўя, стварыў моцную яе матэрыяльную базу, пастаянна займаўся аснашчэннем лячэбна-прафілактычных устаноў навейшай дыягнастычнай і лячэбнай апаратурай. Асабіста выязджаў у Германію, Швейцарыю, Аўстрыю для заключэння кантрактаў на пастаўку медыцынскага абсталявання і медыкаментаў – апаратаў ультрагукавога даследавання, лабараторнага і іншага абсталявання.

Шматгадовая і добрасумленная праца і вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне аховы здароўя высока ацэнены. Віктар Іванавіч Кабылка стаў першым (і пакуль адзіным) кавалерам ордэна Айчыны ІІІ ступені на Хойнікшчыне. 4 мая 1998 года, у час знаходжання ў Гомелі, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўручыў яму ўзнагароду ў ліку тых людзей, якія таксама атрымалі высокія ўрадавыя адзнакі. Таксама ўзнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, ордэнам рускай праваслаўнай царквы Святога Роўнаапостальнага Князя Уладзіміра ІІІ ступені, медалём імя М.І. Пірагова. У скарбонцы ўзнагарод шматлікія Ганаровыя граматы – Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, раённага Савета дэпутатаў, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскага камітэта работнікаў аховы здароўя, упраўлення аховы здароўя аблвыканкама. В.І. Кабылка – выдатнік аховы здароўя СССР.

Жыццё Віктара Іванавіча Кабылкі не назавеш бязвоблачным і лёгкім, але яно прыгожае і паўнацэннае. І сёння ён лічыць, што зрабіў правільны выбар у жыцці. Дарэчы, у сям’і, дзе ён нарадзіўся, медыкаў не было. Яго бацькі – патомныя сяляне. Цяпер жа можна казаць аб дынастыі медыкаў-Кабылак. Пачынальнікам яе з’яўляецца цёшча Надзежда Іванаўна Лягун, якая аддала ахове здароўя раёна больш за 40 гадоў жыцця: працавала акушэркай Паганянскай участковай бальніцы і загадчыцай Кажушкаўскага фельчарска-акушэрскага пункта. З жонкай Галінай Іванаўнай, якая адпрацавала медсястрой у раённай бальніцы 38 гадоў, В.І. Кабылка сустрэўся на Хойнікшчыне. Прыйшло каханне. Яны ажаніліся. Гэта прыгожая пара – і тады, у маладосці, і цяпер. У іх нарадзіліся сын Алег і дачка Марына, абодва яны заканчвалі Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Алег Віктаравіч працуе ўрачом-неўролагам у Гомельскай абласной клінічнай бальніцы, яго жонка Людміла Андрэеўна Іванова – урачом-кардыёлагам у абласным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Марына Віктараўна працуе ў Гомелі, у фармацэўтычнай фірме «Рубікон», у яе сям’і падрастае 6-гадовы сын Захар, які невыказна радуе ўсю дружную сям’ю Кабылак. Слаўная дынастыя працягваецца.

Нялёгкую, адказную ў жыцці справу некалі выбраў Віктар Іванавіч, уклаў у яе ўвесь свой талент, веды, душу і сэрца. І лёс падарыў яму ні з чым невымяральнае шчасце ўсведамлення сваёй значнасці на зямлі. Цяпер, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, ён можа ў поўнай меры наталяцца сваім хобі – рыбалкай, сустрэчамі з сябрамі, многа часу праводзіць на дачы, якая патанае ў кветках, гэтую прыгажосць стварыла тут жонка Галіна Іванаўна. Знаходзіцца час і для грамадскай работы – Віктар Іванавіч Кабылка прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца раённым саветам ветэранаў.

Клаўдзія БОСАК.
Аўтар выказвае вялікую падзяку В.І. Кабылку за расказ аб сабе і прадастаўленыя фотаздымкі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *