6 кастрычніка прэзідэнцкая выбарчая кампанія ўступіла ў рашаючую фазу – пачалося датэрміновае галасаванне.
Участкі адчынілі свае дзверы ў 10 гадзін раніцы па ўсёй краіне. Мы пабывалі на адкрыцці на ўчастках для галасавання № 16 і № 15, якія размяшчаюцца ў Казялужскай і Судкоўскай школах адпаведна. Раней выбаршчыкаў сюды прыбылі члены камісіі і назіральнікі.
Працоўны дзень пачаўся з апячатвання урны. Гэта абавязковая працэдура, устаноўленая Выбарчым кодэксам. Пломба пастаўлена – можна галасаваць. Праз некалькі хвілін з’явіліся першыя выбаршчыкі з пашпартамі ў руках. Адзін за адным бюлетэні траплялі ў скрыню для галасавання – старт быў актыўны.
Нагадаем, што загадзя аддаць свой голас на карысць аднаго з кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду можна да сённяшняга дня ўключна.
На ўчастках для галасавання традыцыйна праводзяцца ўшаноўванні маладых выбаршчыкаў. Мы якраз заспелі той момант, калі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.У. Чэкан на ўчастку № 5, што ў прафесійным ліцэі, віншавала двух юнакоў, якія ўпершыню прынялі ўдзел у выбарах, і ўручала ім памятныя падарункі.
Чаму я іду на выбары?
Мікалай Ляшчун:
– Выбары Прэзідэнта з’яўля-юцца значнай падзеяй для ўсёй краіны ў цэлым і для кожнага чалавека асабіста. Я заўсёды хаджу галасаваць, і гэты год не стане выключэннем. Здароўе ўжо не тое – баляць ногі, таму члены выбарчай камісіі прыедуць да мяне на дом з пераноснай скрыняй для галасавання. Як ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, для мяне важна, каб у нашай краіне быў мір. За гэта і аддам свой голас!
Аляксандр Кардаш:
– Я прагаласаваў датэрмінова, бо неабыякавы да жыцця і будучыні свайго горада, краіны. Наогул для мяне пытанне ісці ці не ісці на выбары ніколі не стаіць. Як законапаслухмяны і актыўны грамадзянін, заўсёды ўдзельнічаю ў выбарах, якога б узроўню яны ні былі. Напярэдадні ўважліва вывучыў перадвыбарчыя праграмы ўсіх кандыдатаў, чытаў прэсу, глядзеў тэлевізійныя перадачы. Таму ішоў на галасаванне, дакладна вызначыўшыся.
Таццяна Чэкан:
– На гэтых выбарах я скарысталася правам галасаваць датэрмінова, бо заўтра буду задзейнічана ў рабоце выбарчай камісіі. Выбары ў мяне асацыіруюцца са святам, многія прыходзяць на ўчасткі цэлымі сем’ямі. Я вельмі люблю сваю краіну, у мяне выдатная работа – працую ў Глінішчанскай школе, цудоўны муж. Безумоўна, мы з ім будуем планы на будучыню, вось я і прагаласавала за тое, каб яны здзейсніліся.
Андрэй Ерахавец і Павел Навасельскі:
– Мы будзем галасаваць за тое, каб у моладзі па-ранейшаму былі ўсе ўмовы паспяхова вучыцца, развівацца і рэалізоўвацца ў абраных прафесіях, весці здаровы лад жыцця і самім будаваць сваю будучыню. Мы – за стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Лічым, што на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь важны кожны голас, таму і свае не будзем пакідаць дома – яны абавязкова трапяць у скрыню для галасавання.
Матэрыялы падрыхтавала Наталля ЧЭКАН.