Бацькі хочуць ганарыцца сваімі дзецьмі, бо галоўны сэнс жыцця ў тым і заключаецца, каб паўтарыцца ў іх, перадаць усё самае лепшае. І можна зразумець хваляванне маці і бабуль, якія прыйшлі ў мінулую пятніцу ў залу ГЦКіС “Меліяратар” на раённы фестываль, прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства пад назвай “ Как прекрасен этот мир!”.
Аднак хваляванні іх аказаліся беспадстаўнымі. Маленькія самадзейныя артысты выдатна падрыхтаваліся, трымаліся ўпэўнена, і ўсе слухачы атрымалі задавальненне, мусіць, не меншае, чым бывае гэта на канцэртах прафесійных артыстаў.
Навізна, арыгінальнасць, дзіцячая непасрэднасць пакарылі залу. Песні “Дарослыя і дзеці” ( яслі-сад № 1 г. Хойнікі), “Артыстка” (яслі-сад № 4), “Страдания” (яслі сад № 6), “Бабушкина сказка” (яслі-сад № 2), “Ах, мода, мода!” (яслі-сад № 5) і іншыя не пакінулі раўнадушнымі. Заслугоўвала выкліку на “Біс!” песня “Першае каханне” у выкананні выхаванцаў Судкоўскага яслі-сада.
Трэба сказаць, што дзеці з вёсак Судкова, Стралічава і Казялужжа ні ў чым не ўступаюць сваім гарадскім равеснікам.
Амаль трэць канцэртнай праграмы складалі танцавальныя нумары, а дэфіле “Модныя рабяты” выхаванцаў ясляў-сада № 2 рэкламіравала прадукцыю ПУП “Палескія сыры”.
Арганізатар фестывалю – аддзел адукацыі райвыканкома запрасіў на мерапрыемства шэфаў дзіцячых садоў: кіраўнікоў завода гідраапаратуры, Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, ДБУ-23, завода жалезабетонных вырабаў, агракамбіната “Віць”, АСБ “Беларусбанк”, раённага вузла электрасувязі, ПУП “Палескія сыры”.
За развіццё творчага патэнцыялу дзяцей дашкольнага ўзросту і актыўны ўдзел у раённым фестывалі ўсе калектывы дзіцячых садоў узнагароджаны Дыпломамі аддзела адукацыі райвыканкома, якія ўручыла начальнік аддзела Л.Ф. Кулакоўская. А дырэктар ПУП “Палескія сыры” Г.В. Бондар прыпаднесла дзецям вялікі кошык цукерак.
Багатая на таленты наша Хойнікшчына. Дастойная змена падрастае, каб падхапіць і панесці эстафету бацькоў. Нельга не адзначыць і той факт, што ў дашкольных установах працуюць музычнымі кіраўнікамі людзі творчыя, здольныя абудзіць і развіваць дзіцячыя таленты.
Уладзімір СЯМЕНАЎ.