З’яўляюся даўняй паклонніцай артыстаў Хойніцкага народнага драматычнага тэатра, таму стараюся не прапусціць ніводнага іх спектакля. Вельмі чакала пастаноўкі камедыі А.Макаёнка “Трыбунал”, якую калектыў прадставіў на суд гледачоў напярэдадні 65-й гадавіны Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Прыемна ўразіла тое, што спектакль на сцэне гарадскога цэнтра кльтуры і спорту “Меліяратар” праходзіў пры поўным аншлагу – у глядзельнай зале, здавалася, яблыку не было дзе ўпасці. Яшчэ больш прыемна, што мае чаканні спраўдзіліся: гледачы адгукваліся на сцэнічнае дзейства з такой увагай і чуласцю, якія не заўсёды сустракаюцца і ў прафесіянальных тэатрах.
Даўно ведаю выканаўцу галоўнай ролі, работніцу аддзела культуры райвыканкома, Людмілу Смольскую. І ў каторы раз паразілася, як удала змагла яна пераўвасобіцца ў вобраз Паліны, жонкі Калабка – настолькі яе гераіня была і хітраватай, і іранічнай, што, напэўна ў многіх гледачоў па ходу спектакля ўзнікла адчуванне, што яна іграе галоўную скрыпку ў спектаклі, вядзе інтрыгу тэмы. Асабліва гэта праявілася ў сцэне суда, многім гледачам, напэўна падалося, што яна з самага пачатку ведала, хто на самой справе яе муж Калабок: ніякі ён не стараста, а як можа дапамагае змагацца з ворагам на сваёй тэрыторыі.
І, канешне ж, гледачы сапраўдную асалоду атрымалі ад іскрамётнай ігры рэжысёра народнага тэатра Аляксея Сярмяжкі. Цярэшка Калабок ў яго выкананні сваёй непадробнай лексікай, сакавітым гумарам нагадвае чалавека, быццам прыйшоўшага з фальклору.
Трэба сказаць, што ўвесь калектыў тэатра выдатна справіўся са са сваёй задачай – перадаць абстаноўку таго часу, калі бязлітасны вораг падыходзіў да сцен Масквы і на акупіраванай тэрыторыі вайна рабіла людзям жорсткую праверку. Вельмі ўдалымі і каларытнымі атрымаліся персанажы – дзеці Калабкоў: дочкі Галя (Людміла Кузняцова), Зіна (Людміла Беразоўская), нявестка Надзея (Анжэла Бондар), сын Валодзька (Яўгеній Заяц) і выканаўцы адмоўных роляў – начальніка паліцыі (Мікалай Кабанькоў) і нямецкага каменданта (Васілій Найдзенка).
Хачу адзначыць яшчэ, што нягледзячы на тое, што п’еса “Трыбунал” арыентавана на людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту, аднак у глядзельнай зале было многа моладзі. Юнакі і дзяўчаты па-сапраўднаму хваляваліся, суперажывалі таму, што адбывалася на сцэне.
А калі артысты выйшлі на паклон, то атрымалі ад гледачоў букеты кветак у знак прызнання іх майстэрства і пачулі ў свой адрас шматлікія словы падзякі і просьбу часцей наладжваць тэатральныя святы, якім і была гэтая пастаноўка.
А. ПАЎЛЮЧЭНКА,
жыхарка райцэнтра.