Да катастрофы на Чарнобыльскай АЭС мы жылі ў вёсцы Стралічава, цяпер яна мае статус аграгарадка. Я працавала настаўніцай гісторыі ў мясцовай сярэдняй школе, мой муж, Анатолій Васільевіч Камнеў, быў рабочым у саўгасе «Стралічава».
У нашай сям’і, якую стварылі ў 1983 годзе, нарадзіліся два сыны, прычым малодшы з’явіўся на свет за тры месяцы да аварыі на атамнай станцыі. Мы вельмі любілі свой дом па вуліцы Рабочая. Побач з ім знаходзіўся прысядзібны ўчастак з надворнымі пабудовамі, сад з яблынь, груш – здаецца, больш смачных пладоў не даводзілася каштаваць.
Год 1986-ты стаў адлікам агульнай бяды, раскідала маіх землякоў па ўсім свеце. Я са сваімі дзецьмі была вывезена ў санаторый «Лётцы», што ў Віцебскай вобласці, муж заставаўся працаваць у саўгасе. Спачатку наша вёска адносілася да зоны першачарговага адсялення, і многія яе жыхары атрымалі кватэры ў Мінску, іншых вялікіх гарадах Беларусі. Эвакуацыйнае пасведчанне наша сям’я атрымала толькі ў 1990 годзе. Летам таго ж года мы пераехалі ў гарадскі пасёлак Акцябрскі Гомельскай вобласці. Стрымліваючы слёзы, мы пакінулі свой дом назаўсёды. Аб чым толькі не перадумаеш у дарозе. Магчыма, да разважанняў схілялі мільгаючыя за вокнамі аўтамашыны блізкіяблізкія і родныя да болю месцы нашай цудоўнай Гомельшчыны. Асабліва прыгожая лясістая дарога па дарозе Калінкавічы-Азарычы ў напрамку да Акцябрскага. Гэта нічога, што ехалі не ў госці, пакінуўшы родную хату, ачаг, які саграваў нас з дзецьмі: думалі, усё пройдзе, абразуміцца, але гэта было слабае суцяшэнне. Многа часу нам спатрэбілася для гэтага. Першыя два месяцы на новым месцы жылі на здымнай кватэры, пакуль не былі здадзены ў эксплуатацыю двухпавярховыя домікі для перасяленцаў па вуліцы Карла Маркса. У адным з іх, на два асобныя ўваходы, мы атрымалі трохпакаёвую кватэру на першым паверсе, нашы суседзі жылі на другім паверсе ў чатырохпакаёўцы. Жыццё наладжавалася. У першы клас пайшоў наш старэйшы сын. Муж працаўладкаваўся на работу ў раённае спажывецкае таварыства, старшынёй праўлення якога тады быў наш зямляк, ураджэнец вёскі Веляцін Фёдар Бандарэнка. Адзін год я працавала намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Акцябрскага райвыканкама, а затым перайшла на работу ў СШ №1. Свой любімы прадмет выкладаю да цяперашняга часу, нават выйшаўшы ўжо на заслужаны адпачынак.
Адаптавацца на новым месцы было нялёгка. На першым часе думкі пра родныя мясціны не пакідалі – мы з мужам вырашылі вярнуцца на Хойнікшчыну, калі нашы сыны закончаць школу. А калі яны ўжо прайшлі вайсковую службу, закончылі ВНУ, стварылі свае сем’і, жывуць асобна, размовы пра магчымы пераезд самі па сабе адпалі. Старэйшы Мікалай працуе інспектарам групы па грамадзянству і міграцыі РАУС, падарыў нам маленькіх унучку і ўнука. Малодшы Павел таксама служыць у райаддзеле ўнутраных спраў на пасадзе старшага оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю. Адзначу, што ў гарадскі пасёлак і ў вёскі Акцябрскага раёна пераехала нямала нашых землякоў. Падтрымліваем зносіны з былой жыхаркай Губарэвіч Марыяй Барысенка, якая жыве ў вёсцы Дуброва, працуе на культурнай ніве, маючы прыгожы голас, радуе гледачоў сваімі выступленнямі на сцэне. Майстрам у ДЭУ з’яўляецца Васілій Дрожжа, дырэктарам школы працягвала працаваць Святлана Літвін… І мясцовае насельніцтва – людзі душэўныя і добразычлівыя.
Адзін раз у год, напярэдадні чарговай гадавіны катастрофы на ЧАЭС, я з асаблівым трапяткім хваляваннем заходжу ў клас, каб правесці для сваіх вучняў «чарнобыльскі ўрок». Я не толькі расказваю рабятам аб наступствах аварыі, даю заданне прадставіць
свае малюнкі, сачыненні на тэматычны конкурс. Запрашаю на ўрок людзей, якіх таксама Чарнобыль выгнаў з роднага дома, ліквідатараў катастрофы. Ітолькі на Радуніцу збіраюцца былыя жыхары нашай роднай вёскі Стралічава на могілках сваіх блізкіх. Вітаюцца, цалуюцца, глядзяць адзін аднаму ў вочы, плачуць. А потым, памаўчаўшы, хтосьці скажа: «Ужо няма Уладзіміра Саўчанкі, а быў жа такі малады, моцны мужчына, і Аляксандра Скрыпкі…»
Але жыццё працягваецца. І трэба жыць дзеля нашых дзяцей і ўнукаў. Дзеля будучыні, надзея на якую заўсёды павінна заставацца з чалавекам. Хто ведае, можа мінуць гады, і ў адселеных вёсках нашай шматпакутнай Беларусі, якія засталіся за калючым дротам, зноў адродзіцца жыццё, загучыць дзіцячы смех. Дзеля гэтага варта жыць.
Т. Камнева, жыхарка гарпасёлка Акцябрскі.