На чарговай “прамой лініі” ў рэдакцыі раённай газеты на пытанні жыхароў горада і раёна адказваў начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкома М.В. РАМАНЕНКА.
Некалькі зацікаўленых жыхароў пыталіся, што са спартыўных аб’ектаў застанецца ў гарадскім парку пасля рэканструкцыі, якая зараз праводзіцца ў рамках Праграмы па падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства.
Мікалай Васільевіч растлумачыў, што на рэканструкцыю стадыёна ў гарадскім парку прадугледжана 7 мільярдаў рублёў. Да Дня пісьменства будуць зроблены футбольнае поле з пакрыццём “штучная трава”, лёгкаатлетычная асфальтаваная дарожка, пластыкавыя трыбуны на 1500 месц, каментатарская кабіна. Таксама будзе адрамантаваны фізкультурна-аздараўленчы центр з памяшканнем для адміністрацыі і спартыўнымі заламі. Астатнія аб’екты (валейбольна-баскетбольная пляцоўка і пляцоўка для міні-футболу, якая ў зімовы перыяд будзе выкарыстоўвацца як хакейная) будуць здадзены ў наступным годзе, так званая “другая чарга будаўніцтва”.
Маці будучага першакласніка цікавілася, якія спартыўныя секцыі ёсць у нашым горадзе, і з якога ўзросту ў іх можна запісваць дзяцей.
У спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву раённага аддзела адукацыі працуюць секцыі лёгкай і цяжкай атлетыкі, дзюдо, футбола. На лёгкую атлетыку дзяўчынак і хлопчыкаў можна запісваць з 9 гадоў, аддзяленне працуе на базе другой і трэцяй гарадскіх школ. На цяжкую атлетыку запісваюць толькі з 10-гадовага ўзросту, аддзяленне працуе ў СШ № 3 і Стралічаўскай сярэдняй школе. У секцыю футбола (на базе СШ № 3) прымаюць хлопчыкаў, пачынаючы з 7 гадоў. На дзюдо запісваюць дзяўчынак і хлопчыкаў таксама з 10 гадоў, аддзяленне знаходзіцца на вуліцы Лермантава, 1 райцэнтра.
Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа аддзела ФКСіТ райвыканкома прадстаўлена аддзяленнямі лёгкай атлетыкі, працуючымі на базе Паселіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, СШ № 1 і № 3, валейболу (гімназія, СШ № 3, Глінішчанскі д/с-СШ), жаночага футболу (ДПТВ-183). У гэтыя секцыі запіс дзяцей праводзіцца з 8 гадоў.
Таксама ў час “прамой лініі” хайнічане цікавіліся, ці будуць праводзіцца летам якія-небудзь спартыўныя мерапрыемствы.
М.В. Раманенка расказаў, што ў час летніх канікул спартыўнае жыццё не спыняецца. У чэрвені будзе праведзены традыцыйны турыстычны злёт для працуючай і вучнёўскай моладзі. Для дарослага насельніцтва будзе арганізаваны чэмпіянат раёна па футболу. Зборная каманда раёна прыме ўдзел ш чэмпіянаце вобласці па футболу ў другой лігі. Гульні гэтага ўзроўню будуць праводзіцца толькі на стадыёне ДПТВ-183.
Штогод працуе ваенна-патрыятычны лагер для цяжкіх падлеткаў. У праграме ІІ круглагадовай раённай спартакіяды сярод калектываў фізічнай культуры прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада і раёна будуць праводзіцца спаборніцтвы па міні-футболу, гіравому спорту, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Да Дня моладзі і Дня незалежнасці для аматараў спорту таксама будуць арганізаваны мерапрыемствы. І, што самае галоўнае, да Дня беларускага пісьменства ўсе спартыўныя пляцоўкі і аб’екты будуць задзейнічаны.
Запісала Вольга БЕЛАШ.