Адраджэнне і развіццё беларускай вёскі мае велізарнае гаспадарчае і палітычнае значэнне. Гэты працэс з многіх складаемых. Адно з іх – меліярацыя, якая дазваляе акультурыць зямлю, увесці ў севазварот тысячы і тысячы гектараў, некалі непрыгодных па прычыне забалочанасці і пераўвільготненасці. Пытанне меліярацыі вельмі актуальнае для беларускага Палесся, у зоне якога знаходзіцца і Хойніцкі раён.Пачатак шырокамаштабнай меліярацыі пакладзены ў сярэдзіне шасцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. У 1966-ым майскі Пленум ЦК КПСС адкрыў важнейшы этап яе развіцця. Меліярацыя была ўведзена ў ранг агульнадзяржаўнай, агульнанароднай задачы. З развалам саюзнай дзяржавы прыйшлі ў запусценне адваяваныя ў прыроды цяжкай працай і велізарнымі матэрыяльнымі выдаткамі землі. Значнасць іх ацэнена ў суверэннай незалежнай Беларусі дзякуючы Прэзідэнту нашай краіны А.Р. Лукашэнку.
За апошнія гады на дзяржаўным узроўні зроблена многае. Так, створана структура кіравання меліярацыйнай галіной, уключаючая Дэпартамент па меліярацыі і воднай гаспадарцы Мінсельгасхарчу, які рэалізуе агульнанародную тэхнічную палітыку ў меліярацыі. Створана дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне “Белмеліяводгас”. Яно выконвае функцыі дзяржаўнага заказчыка і тэхнагляду па меліярацыйных работах. Распрацавана і зацверджана ўрадам рэспубліканская праграма “Захаванне і выкарыстанне меліяраваных земляў на 2006-2010 гады”. Ад сваіх папярэдніц яна адрозніваецца эканамічнай арыентаванасцю. У ёй устаноўлены прыярытэты ўкладання сродкаў у галіну, парадак іх выдзялення.
У нашым раёне адна арганізацыя, якая “завязана” на меліярацыю – камунальнае даччынае унітарнае прадпрыемства меліярацыйных сістэм “Хойніцкае ПМС” . Асноўная задача калектыву – утрыманне меліярацыйнай сістэмы ў належным рабочым стане, рэканструкцыя сетак, дзе гэта неабходна.
Вёрткая пэмээсаўская “Ніва” пры ўездзе ў вёску Вялікі Бор павярнула ўправа і па раз’езджанай дарозе, разбіваючы коламі лужыны пасля прайшоўшага дажджу, на малой скорасці рухалася ўздоўж меліярацыйнага канала. Кіламетры праз два ўбачылі адзінокага рыбака, які прыехаў на веласіпедзе нацягаць карасікаў. Месца выбраў маляўнічае: праз дарогу ад канала ў дзве шарэнгі выстраіліся прыгажуні-бярозкі.
– Напэўна, засталіся з таго часу, як асушалі гэтыя землі, раслі каля балота? – пытаюся ў свайго гіда-правадніка А.М. Сасункевіча, начальніка ўчастка №2 ПМС.
– Не, гэта справа рук чалавечых, – гаворыць ён. – Калі праводзілася меліярацыя, то спецыяльна пасадзілі. Усё было прадумана і прадугледжана…
Аляксандр Мікалаевіч аказаўся гаваркім, ведаючым сваю справу спецыялістам. Проста і даходліва растлумачыў якім чынам некалі вялі меліяратары работы. Але час і абыякавасць людская прывялі да таго, што з’явіліся ўжо ўчасткі, якія зараслі кустарнікамі, пачалі забалочвацца, нават з’явіліся раслінныя насельнікі балота – трыснёг і асака.Таму паўстала неабходнасць рэканструкцыі гэтых плошчаў. Вядзецца вырубка і пахаванне кустарнікаў, чысцяцца існуючыя і пракладваюцца новыя каналы для адводу вады. У КСУП “Велікаборскі” такіх каналаў створана ўжо каля 3 кіламетраў.
А займаецца гэтай справай машыніст экскаватара ЭО-3223 Аляксандр Уладзіміравіч Худэнка, чалавек адказны і дысцыплінаваны, які дасканала асвоіў тэхніку і тэхналогію работ за сем год працы ў ПМС. Восенню мінулага года яму даручылі новы экскаватар замест старэнькага ЭО-304.
– Прафесія мая, – зазначае Аляксандр Уладзіміравіч, – нейкім чынам звязана і з месцам пражывання. Дом знаходзіцца ў Хойніках на вуліцы Лясной, а крочу на працу па вуліцы Меліярацыйнай – быццам напамінак, што адношуся да кагорты меліяратараў.Люба-дорага глядзець, як працуе на аб’екце бульдазерыст Фёдар Уладзіміравіч Казмерчук, механізатар з багатым стажам. Шаснаццацігадовым юнаком пачынаў ён працоўную дзейнасць пасля заканчэння Рудакоўскага вучылішча на торфапрадпрыемстве “Аўрамаўскае”, доўгі час шчыраваў у райсельгасхіміі, мяняў было месца жыхарства, выязджаў у Крым. У ПМСе ён ўжо два з палавінай гады, знаходзіцца ў ліку перадавікоў. Яго старэнькі Т-130 вытворчасці Чэлябінскага трактарнага завода заўсёды на хаду.
Не з лёгкіх праца руславых рэманцёраў, у абавязкі якіх уваходзіць утрымліваць у належным стане каналы, адкрываць і закрываць затворы, абкошваць траву. А цяпер, пры рэканструкцыі, аб’ём работ павялічыўся: яны высяваюць траву на адкосах новых каналаў, што магчыма толькі ўручную, абдзярноўваюць схілы. Старанна і ўмела з гэтым спраўляюцца Андрэй Аляксандравіч Дземідзенка і Аляксандр Сямёнавіч Лугоўскі.
Завяршаючым этапам рэканструкцыі стане прамыўка дрэнажнай сеткі, бо за многія гады яна амаль перастала выконваць сваю функцыю адводу вільгаці і наадварот.
– Рэканструкцыю меліярацыйных сетак праводзім сёлета ў трох гаспадарках раёна, – паведаміў дырэктар КДУП меліярацыйных сістэм “Хойніцкае ПМС” В.У Іванюценка, – Гэта КСУПы “Велікаборскі”, “Судкова” і ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. Для гэтых мэт выдзелена 2 мільярды 440 мільёнаў рублёў з рэспубліканскага бюджэту. Да прыкладу, у першай гаспадарцы неабходна асвоіць 770 мільёнаў, рэканструяваўшы 200 гектараў, а самы вялікі аб’ём работ прыходзіцца на КСУП “Судкова” – 295 гектараў.
– Але ж дзейнасць калектыву не абмяжоўваецца толькі гэтым?
– Безумоўна. Усяго патрэбна асвоіць 4,5 мільярда бюджэтных сродкаў. Справа ў тым, што нямала прадстаіць зрабіць у зоне адсялення і адчужэння Брагінскага раёна (прасекі, дарогі і г.д.). Для прыватнага сектара жыхароў Хойніцкага раёна трэба стварыць 449 гектараў культурных выпасаў (перазалужэнне). У ліку чыста меліярацыйных работ – падчыстка каналаў, абкошванне іх, выдаленне кустоў.
Не сядзелі без справы зімой і вясною. Займаліся вывазкай арганікі ў сельгаспрадпрыемствах раёна, выдзялялі тэхніку ў час пасяўной. Прымалі ўдзел у пахаванні дамоў ў вёсцы Лісцвін. Акрамя таго, аказваем платныя паслугі насельніцтву і арганізацыям ў выдзяленні аўтакрана, экскаватара, трала – для перавозкі буйнагабарытных грузаў.
Прыняліся і за новы від дзейнасці.Узялі ў арэнду Ізбыньскае возера. З 1 чэрвеня маем ліцэнзію на прамысловую і аматарскую лоўлю рыбы. Запампавалі ваду, узровень якой на 270-гектарнай плошчы вадаёма павялічыўся больш як на метр. Акультурым, прывядзем усё ў парадак, зарыбім малькамі таўсталобіка, амура і карася, на што ўжо ёсць дамоўленасць з рыбгасамі. Думаю, зможам стаць добрымі гаспадарамі на возеры.
– Валерый Уладзіміравіч, многае залежыць ад кіраўніцтва прадпрыемства, але ж агульнавядома, што поспех справы вырашаюць людзі, якія непасрэдна працуюць на меліярацыйных аб’ектах.
– Што датычыць кадравага пытання, то канчаткова яно яшчэ не вырашана ў тым плане, што не хапае менавіта кваліфікаваных меліяратараў. Але ж, як і ў любым калектыве, у нас ёсць перадавікі, на каго раўняюцца, бяруць прыклад. Іх фотаздымкі занесены на Дошку гонару ПМС. Гэта машыніст экскаватара Мікалай Анатольевіч Філіпчанка, трактарысты Анатолій Дзмітрыевіч Навуменка, Іван Пятровіч Баглей, руславы рэманцёр Міхаіл Сяргеевіч Назаранка, вадзіцель Уладзімір Іванавіч Хмелянок, загадчык рамонтных майстэрняў Руслан Іванавіч Мякатнікаў.
– Якім будзе ваша слова калектыву напярэдадні Дня меліяратара?
– Хачу ад сябе асабіста, ад імя адміністрацыі, прафсаюзнага камітэта павіншаваць кожнага са святам. Дзякуй усім за нялёгкую працу, прафесіяналізм, аптымізм, веру ў будучае свайго прадпрыемства. Няхай кожнаму спадарожнічаюць здароўе, шчасце, сямейны дабрабыт. Няхай святочны настрой абуджае ў нас імкненне жыць і працаваць, дабівацца большага. Бо і за нашай дзейнасцю – умацаванне і працвітанне роднай Беларусі.
На здымках: В.У. Іванюценка; начальнік участка № 2 А.М. Сасункевіч (злева) з руславымі рэманцёрамі А.А. Дземідзенкам і А.С. Лугоўскім; бульдазерыст Ф.У. Казмерчук; машыніст экскаватара А.У. Худэнка.
Уладзімір ДАЛГАЛЫЧАНКА.