З ранку 7 мая рэдакцыйны аўтамабіль накіраваўся ў КСУП «Аравічы». Едзем… Гляджу ў акно. Перад вачыма мільгаюць прыгожыя, рознакаляровыя палі, абнятыя сонцам. Адразу відаць, дзе нядаўна прайшлася сеялка: зямля нібы расчасаная грабеньчыкам, а дзе рыхтавалі глебу – разаслаліся доўгія шлейфы пасля дыскатараў. Усё гэтае хараство – рабочы кабінет (па меншай меры ў гарачую пару) гаспадароў палеткаў – аграномаў. Дарэчы, дзень мы правядзём менавіта з прадстаўніком гэтай бурнай па рытму прафесіі – Дзмітрыем Аляксандравічам Фешчанкам (на здымку).
Ён сустрэў мяне ля канторы. Забягаючы наперад, адзначу, што сёння рэдка знойдзеш такога маладога чалавека, як Дзіма, які, прыйшоўшы ў сельскую гаспадарку, усім задаволены. Часцей учарашнія студэнты, якія звыкліся да гарадской цывілізацыі, скардзяцца на катаржнасць вясковага жыцця і працуюць без вялікага запалу.
Малады ж аграном з галавой пагружаны ў работу. Бясконцыя тэлефонныя званкі, узважаныя распараджэнні, вырашэнне розных спадарожных пытанняў – так і не скажаш, што ў агранамічнай справе ён навічок. Нявопытнасць выдае, бадай, толькі знешняя маладжавасць.
У гарачы час пасяўной працоўны дзень галоўнага агранома Дзмітрыя, як і іншых спецыялістаў гаспадаркі, пачынаецца каля 6 гадзін раніцы з планёркі ў дырэктара сельгаспрадпрыемства А.А. Кліменкі. Калі вы, як кажуць, «не ў тэме» – іх ажыўленую гутарку падчас сходу не зразумець. Незнаёмыя назвы палёў «хімсклад», «балота», «другая клетка»… Розныя гатункі насення кукурузы «крамень», «палескі»… Такім чынам актыўна размяркоўваюцца заданні. Потым некалькі міні-справаздач… І ўсе хутка прыступаюць да працы.
Механізатары ўжо напагатове. Чакаюць указанняў на мехдвары каля тэхнікі. Дзмітрый Аляксандравіч дакладна плануе іх працу і сочыць за адпраўкай на палі, але перад гэтым трактарысты едуць на запраўку. Мехдвор малады аграном пакідае апошнім.
Спяшаецца на некалькі хвілін у кантору, каб вырашыць «папяровыя» пытанні. Па ходу, пазваніўшы, робіць заказ на харчаванне ў мясцовай сталовай, якая потым заяўку перанакіроўвае ў гарадское кафэ «Віраж», адкуль і дастаўляюцца абеды і вячэры аравіцкім механізатарам.
Цяпер разам адпраўляемся на палеткі. Едзем на старэнькім аграномаўскім «уазіку» па стромкіх лясных сцяжынках, уздоўж рачулкі… Гэтыя мудрагелістыя маршруты вопытны вадзіцель Аляксандр Рыгоравіч Талюк ведае як свае пяць пальцаў.
Пад’язджаем да поля, дзе сеюць кукурузу на зерне. Тут задзейнічаны механізатары Андрэй Судзенка і Сяргей Грытчанка. Яны якраз заканчвалі гэты ўчастак, рабілі «аторкі». Разам з імі працавалі паляводы Алена Пархамчук і Крысціна Фелюта, якія шпарка запраўлялі сеялкі кукурузным насеннем. Ідзём па полю. Дзмітрый правярае якасць сяўбы «каралевы палёў». Нараканняў няма, трэба пераганяць тэхніку на іншы ўчастак – на «балота». Дае адпаведную каманду.
Накіроўваемся далей: шукаць падсохшыя палі. У гумавых ботах аграном з юначай лёгкасцю намотвае кругі па палетках. «Тут – не. Яшчэ крыху пачакаем», – уздыхаючы, канстатуе малады чалавек. – Давайце далей праедзем».
Наступны ўчастак больш удалы. Вочы зазіхацелі… Дзіма адразу рапартуе па тэлефоне пра «знаходку» кіраўніку гаспадаркі, маўляў, тэхніку можна пускаць.
Цяпер – на склад, каб пракантраляваць, як загружаюць кукурузнае насенне. У вялікім ангары хлопцы хутка затарылі грузавую машыну і вадзіцель Іван Бельскі паехаў дастаўляць каштоўны груз у вызначаныя месцы.
Мы таксама вяртаемся на палі. Дарэчы, у гэтых пастаянных раз’ездах час нясецца надзвычай імкліва: па маіх адчуваннях – тры гадзіны за адну!
Працягваем займацца «перастаноўкай» тэхнікі. У гэтым працэсе я б параўнала Дзмітрыя з лагістам, які граматна каардынуе ўсю работу. Толькі Аляксандр Брухавецкі закончыў дыскаваць палетак на «другой клетцы», аграном адразу ж загадвае яму пераязджаць. Івана Барысенку, які справіўся з папярэднім заданнем, на культыватары адправіў на іншае поле дапамагаць калегам. Новы ўчастак атрымаў таксама Аляксандр Аніскавец, на ім мы яго засталі ў час абеду і склалі кампанію. Дарэчы, аграном таксама харчуецца ў полі, каб не адлучацца і не марнаваць дарэмна час, які цяпер на вагу золата.
Толькі тут і ўдалося выхапіць некалькі вольных хвілінак для размовы з Дзмітрыем Аляксандравічам. Да гэтага ж не рашалася адрываць яго увагу ад напружанай работы. У ходзе гутаркі высветліла, што родам энергічны, хваткі малады чалавек з Брэстчыны. Дакладней, з вёскі Галенчыцы Івацэвіцкага раёна. Там закончыў шэсць з паловай класаў, пасля сям’я пераехала ў вёску Казялужжа нашага раёна. Пэўны час вучыўся ў першай гарадской школе, але выпускаўся з Казялужскай. Абраў для сябе «палявую» прафесію Дзіма не выпадкова, прабачце за магчыма збітую фразу і высокі склад, але гэта чыстая праўда – ён вельмі любіць зямлю. Гэтаму не патрэбна пацвярджэнне, усё чытаецца ў вачах і адносінах… Не прываблівае юнака няўрымслівы горад. Маладому аграному да спадобы цішыня, прастор і чароўная прырода… Да таго ж, ён рамантык… Заварожваецца світаннямі і захадамі… З захапленнем расказвае, як цудоўна назіраць за тым, як увесну, пасля марозаў, дакучлівай, шэрай аднастайнасці і нуды зімы, у выспаўшуюся і адпачнуўшую зямлю закладваецца новае ядрана-бурштынавае насенне… Як увесь бязмежны стэп прачынаецца ад гулу магутных трактароў, і позні вечар асвятляецца шматлікімі фарамі працуючай на палях тэхнікі…
Сярод асноўных хобі Дзімы – футбол. Цяпер часу захапленню ўдзяляе значна менш – даводзіцца працаваць дапазна, ды і па выхадных. Але яго гэта не бянтэжыць. Цяпер ужо не футбольныя палі на першым месцы, а свае, аравіцкія. Да слова, прыемна было чуць ад маладога чалавека, што ён уважліва сочыць за аграрнымі падзеямі праз раённую газету. Адзначае, што цікава назіраць у «Хойніцкіх навінах» за своеасаблівай пагоняй лічбаў, глядзець, хто з яго работнікаў выбіўся ў перадавікі.
У сельгаспрадпрыемстве Дзіма працуе толькі другі месяц, пасля заканчэння Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, але ўжо атрымаў нямала добрых уражанняў ад аграномаўскіх будняў. Зазначае, што калектыў выдатны, надзвычай дружны. Яму з ахвотай дапамагаюць вопытныя калегі і кіраўніцтва, пры неабходнасці звяртаецца да галоўнага агранома раёна С.А. Валкановіча, або тэлефануе для кансультацыі выкладчыкам у альма-матэр.
Кантактны, прыемны ў зносінах, юнак імкнецца да кожнага работніка знайсці свой падыход. Нягледзячы на «зялёны» ўзрост, у гаспадарцы, да яго ставяцца сур’ёзна. Яркім доказам гэтаму з’яўляюцца словы механізатараў: «Наш Аляксандравіч – аграном што трэба!» Напэўна, не лішнім будзе падкрэсліць прыметнік «галоўны» аграном – адказнасць велізарная, але Дзіма стараецца апраўдаць давер.
Паабедаўшы, дарэчы, кормяць земляробаў смачна і сытна, працягваем працаваць. Зноў закруцілася «сумятня»… Пад’язджаем да поля, дзе працуюць Генадзій Віннік і Міхаіл Кравец. Да гэтага часу ў маёй галаве ўжо быў сапраўдны хаос: не адрознівала, дзе які палетак, былі мы тут ужо ці не… І нават нядрэнная арыентацыя на мясцовасці мяне не выратоўвала…
Пакуль у сеялкі абнаўлялі насенныя запасы, Дзмітрый гутарыў з механізатарам, цікавіўся: як працуецца, ці ёсць якія-небудзь праблемы? Высветліўшы, што ўсё добра, зноў «калясім» па палях. Перыядычна малады чалавек тэлефануе сваім калегам-аграномам: аграхіміку Валянціне Блізнец і практыкантцы Алене Харко, каб быць у курсе ўсіх спраў: як уносяцца арганічныя і мінеральныя ўгнаенні (хаця мы гэты працэс таксама кантралявалі), расходваецца пасяўны матэрыял і шмат-шмат іншых пытанняў. Дзіма адказвае за якасць і ўлік праводзімых работ, штодзень ён фіксуе і суміруе апрацаваныя гектары і перадае даныя дыспетчару. Таму на палях у блакноце перыядычна робіць важныя заметкі і падлікі.
На чарговым палетку сустрэліся з дырэктарам гаспадаркі Аляксеем Аляксандравічам, які ў гэтую пару таксама днюе на палях. Не ўмешваючыся ў іх перагаворы, гляджу на гадзіннік – палова пятага… Час вячэры. На гарызонце якраз паказваецца чаканая механізатарамі машына, што развозіць харчаванне. На свежым паветры і ежа смачнейшай здаецца… На сціхнуўшым падчас кароткага перапынку полі чутны толькі стук лыжак аб талеркі і гучныя размовы, што выключна пра сяўбу… Дружна паелі – і зноў за работу. Мы – таксама. Перанакіроўваем тэхніку з аднаго ўчастка на іншы. Да слова, усе аравіцкія механізатары працуюць на сумленне, яно і зразумела: стымул добры ёсць – матэрыяльны.
Сказаў Дзмітрый Аляксандравіч на першую клетку трактарысту з сеялкай ехаць, той адправіўся, а мы – следам, каб упэўніцца, што ён там добра «ўпарадкаваўся». Без работы не застаецца ніхто. Мы ж паралельна назіраем за яшчэ незасеянымі палямі, пераўвільготненая глеба якіх не падпускае да сябе трактарныя колы. Дзмітрый усё нешта пазначае. Апошні аб’езд (па крайняй меры мне так здавалася). Цяпер – на вячэрнюю планёрку да дырэктара гаспадаркі. Адчыталіся аб выкананых за дзень работах, намецілі планы на заўтрашні дзень. Магчыма, можа скласціся ўражанне, што праца агранома спакойная – катайся сабе па палях. На самай справе – вельмі насычаная і складаная, да вечара я ўжо канчаткова выдыхнулася, стомленасць валіла мяне з ног… А Дзмітрый гаворыць: «Цяпер зноў на палі»… Я: «Куды?» А ён з усмешкай: «У нас працоўны дзень да васьмі гадзін. А сёння яшчэ і другая змена будзе працаваць»…
Вяртаючыся ў рэдакцыю, думала колькі працы, старання і жадання трэба прыкласці, каб стаць сапраўдным гаспадаром палёў, каб зямля давала аддачу важкімі ўраджаямі. Як трэба любіць зямлю-карміцельку, гарэць справай, аддаваць усяго сябе… Усе дэталі прафесіі, безумоўна, цяжка апісаць, паверце на слова – гэта вельмі цяжкая і адказная праца. Нездарма кажуць: «За добры ўраджай – агранома паважай».
Я вельмі ўдзячна свайму «гіду» Дзмітрыю Фешчанку за экскурсію ў яго неверагодна цікавую прафесію. Адным з напамінаў аб гэтым гарачым дні мне будзе атрыманы майскі загар.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.