14 чэрвеня – Сусветны дзень донара крыві.
Сусветны Дзень донара, які абвешчаны ў 2004 годзе, закліканы садзейнічаць больш шырокаму разуменню патрэбнасці ў бяспецы крыві для пералівання хвораму і важнасці гэтай справы, а таксама з’яўляецца нагодай для выказвання ўдзячнасці донарам.
У Рэспубліцы Беларусь з 1995 года дзейнічае Закон “Аб донарстве крыві і яе кампанентаў”, які забяспечвае заканадаўчую базу для распрацоўкі і ўкаранення унікальнай сістэмы адбору донараў. У донарскай крыві не павінна быць вірусаў, алкаголю, лекаў, іншых фактараў, якія могуць нашкодзіць здароўю чалавека. Сярод розных інфекцый, якія перадаюцца з крывёю, самымі грознымі з’яўляюцца ўзбуджальнікі СНІДу, вірусы гепатытаў В і С, сіфілісу. У нашай краіне пераліванне неабследаванай крыві забаронена.
Укараненне сучасных тэхналогій, задавальненне патрэбнасцей арганізацый аховы здароўя ў якасных і бяспечных кампанентах і прэпаратах крыві, рацыянальнае выкарыстанне прадуктаў крыві ў медыцынскіх установах з’яўляецца галоўнай задачай дзейнасці арганізацый пералівання крыві Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе.
У Гомельскай вобласці налічваецца каля 17 тысяч донараў, у абласным цэнтры – 11 тысяч чалавек. Тыя, хто здаў кроў 40 разоў, а плазму – 60, узнагароджаны знакам “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”.
14 чэрвеня мы павінны пакланіцца ім за добраахвотнае служэнне людзям і кожны дзень клапаціцца аб тым, каб здаровых і добрых людзей у нашай краіне станавілася больш.
Па матэрыялах райЦГЭ.