На сяле пакупнік не менш патрабавальны. Ён таксама хоча бачыць у магазіне вялікі выбар тавараў. Не горшы, чым у горадзе.
Цікава, а што купляюць мясцовыя жыхары? Каб адказаць на гэтае пытанне адправіліся ў вясковыя магазіны нашага раёна і зазірнулі ў пакеты.
Спачатку адпраўляемся ў павільён «Смачны» аграгарадка Веляцін. Сустрэлі першага кліента – маладога чалавека завуць Аляксандр Каранчук. Дарэчы, жыве насупраць магазіна.
– Асартымент добры, ёсць усё, што трэба, і нават болей. Галоўнае – заўсёды свежыя прадукты – каўбасныя вырабы, селядзец, бананы, капуста. Пералічваць можна доўга. Кожны дзень тут буханку хлеба купляю, бывае, што гарачым прывозяць. Дарэчы, мае сябры нават з Хойнік прыязджаюць за хлебам да нас. Усе хваляць яго. Вось малака купіў, мама бліны ўвечары зробіць. У нас не толькі прадукты ў магазіне, але і вялікі выбар парфумерыі: не так даўно купляў адэкалон, гель для галення. А якія ў нас прадаўцы Святлана з Аленай – ветлівыя, добрыя! Зручны і графік работы павільёна: працуе без перапынку і выхадных з 8 раніцы.
Алена Смольская і Святлана Гаеўская
Мы таксама пагаварылі с прадаўцамі з Веляціна: – Мы імкнемся, каб было ўсё, што пакупнік пажадае. Часам мясцовыя мужчыны інструменты заказваюць на магазін. Напрыклад, дрыль і бензапілы. Дастаўляем усё. А калі якое свята, то гаспадыні і торты просяць – мы таксама замаўляем.
На вітрынах і паліцах магазіна «Сельпо», што ў Казялужжа, асартыменту дзіву даешся. Не ў кожным магазіне Хойнік, скажу я вам, такі выбар малочнай прадукцыі, кандытаркі, замарожаных паўфабрыкатаў, мясных дэлікатэсаў, гародніны і садавіны. Гэта адзначаюць і пакупнікі Наталля Малашанка з Нінай Прышчэп, якія ахвотна ўступілі ў размову з журналістам.
«Неабходнасці ехаць кудысьці за прадуктамі ў нас няма. Усё на месцы. Тое, што мне патрэбна на кожны дзень заўсёды ёсць. Прычым, цэны не кусаюцца. Вось возьмем сахар, ён самы танны па ўсяму раёну – усяго 2,52 рублі за кілаграм. Без смятаны, малака і вафляў з магазіна не выхожу. А скумбрыя тут вельмі смачная», – дзеліцца ў размове Наталля.
Сяльчанка Ніна Прышчэп ідзе з работы ды і забяжыць у магазін. – Усяго нам хапае. Сёння ўзяла мандарыны, курыныя крылы, мінеральную ваду.
У Судкоўскім павільёне «Жемчужина» інтарэсы пакупнікоў таксама на першым месцы, яны прыслухоўваюцца да пажаданняў вяскоўцаў і арыентуюцца на іх густ. Сяргей Міненка – наш наступны герой, у якого мы праверылі пакет з прадуктамі, быў задаволены: – Выпячка тут шыкоўная, асабліва булка з макам! Малака вось набраў, катам будзе.
Маладая дзяўчына Анастасія Шпандарук купіла муку, чыпсы і газіроўку – тое, што любіць моладзь.
Сябры, а за чым сёння вы пойдзеце ў магазін?
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.