Непрыкметна праляцела лета, закончыліся самыя доўгія канікулы і залівісты школьны званок паклікаў рабят у чыстыя і ўтульныя класы. Пад эгідай Дня беларускага пісьменства прайшлі сёння ўрачыстыя лінейкі ва ўсіх агульнаадукацыйных установах раёна, прысвечаныя пачатку новага навучальнага года. На іх сабралася больш за 3 тысячы школьнікаў, якіх светлай дарогай навукі павядзе родная школа.
З пачаткам навучальнага года вучняў і педагогаў павіншавалі дырэктары школ, кіраўнікі мясцовай улады, прадстаўнікі шэфствуючых прадпрыемстваў і арганізацый, бацькоўскіх камітэтаў. Яны пажадалі ўсім, асабліва першакласнікам, паспяховай вучобы, выдатных адзнак і радасці новых штодзённых адкрыццяў.
Першым урокам у Дзень Ведаў для вучняў стаў тэматычны занятак “Беларусь – краіна маёй будучыні”. Настаўнікі і вучні школ раёна з асаблівай адказнасцю і хваляваннем рыхтаваліся да гэтай падзеі. Паўсюдна аформлены тэматычныя стэнды і выстаўкі, прысвечаныя зараджэнню і развіццю беларускай пісьменнай культуры, творчасці і жыццёваму шляху класікаў беларускай літаратуры, а першага верасня рабяты паўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах і віктарынах па тэматыцы свята.