Быць ашчаднымі

Образование

Пераступіўшы ў новым навучальным годзе парог гімназіі г. Хойнікі, была прыемна здзіўлена пераменамі, што тут адбыліся: адрамантавана актавая зала, лямпачкі заменены на сучасныя, энергазберагаючыя,  набыты новыя радыятары ацяплення.

У размове дырэктар агульнаадукацыйнай установы Л.В. Лабада адзначыла, што замена лямп – гэта не толькі важны напрамак у энергазберажэнні, але і неабходная мера па захаванню здароўя дзяцей. Справа гэтая патрабавала значных фінансавых укладанняў, таму гімназія выступіла з праектнай ініцыятывай “Энергазберажэнне ў школе: доўгатэрміновы ўклад у будучае” ў рамках праекта “Тэрытарыяльна-арыентаванае развіццё  рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС”, пад якую ПРААН/ЕС выдзелена сума ў памеры 26705 долараў ЗША.

Варта сказаць, што ў гімназіі маецца вялікі патэнцыял для энергазберажэння – актыўна ўкараняюцца энергазберагаючыя праграмы, праводзіцца факультатыў “Берагоша”, пазакласныя заняткі, тэматычныя конкурсы. У 2008 годзе група навучэнцаў гімназіі ўдзельнічала ў конкурсе праектаў па энергааўдыту і заняла другое месца ў Рэспубліцы Беларусь. У 2009 годзе набыты і ўстаноўлены прыбор уліку расходу цеплавой энергіі. Доследныя даныя паказваюць, што гадавая эканомія электраэнергіі складае 15 працэнтаў. Да таго ж, праектная ініцыятыва заклікана арыентаваць вучняў на набыццё практычных навыкаў у галіне эканоміі і беражлівасці энергарэсурсаў.

Прыемна і тое, што гімназісты, знаходзячыся дома, праводзяць актыўную выхаваўчую работу па энергазберажэнню з намі, бацькамі. Мая дачка, вучаніца 2 класа, пастаянна напамінае аб неабходнасці выключаць святло, выходзячы з пакоя, дае парады, як эканомна трэба карыстацца прасам, дзеліцца ведамі аб тым, як, напрыклад, можна пачысціць зубы, эканомячы пры гэтым 30(!) літраў вады. Міжволі ўспамінаюцца мудрыя словы: “Век жыві – век вучыся”.

Дзяцей у народнай культуры часта параўноўваюць з зярнятамі. А калі хочаш мець вялікі ўраджай, паклапаціся пра тое, каб вырасціць добрае насенне. Вельмі добра, што да эканоміі і беражлівасці дзяцей прывучаюць з самага маленства, і працэс гэты няспынны.



Л. РАМАНЕНКА, член папячыцельскага савета гімназіі г. Хойнікі.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *