Галасамі нашчадкаў: як кулямётчык стаў сцяганосцам — натхняў савецкіх байцоў  

Главное

Час забірае ад нас сведкі пра нашых герояў. Але мы яшчэ змагаемся і дастаем з пыльных паліц факты пра гераізм і адвагу ўраджэнцаў Хойнікшчыны. Яны заслужылі, каб імёны іх зноў і зноў агучвалі нашчадкі.

Ураджэнец вёсці Лісцвін Аляксандр Лешчанок заўсёды вылучаўся сваёй сціпласцю. Не ў характары гэтага маўклівага мужчыны было дзяліцца гісторыямі пра подзвіг – зрабіў, бо інакш проста не мог.

Гэта і ўразіла калісьці легенду беларускай журналістыкі – энергічнага Міхаіла Шыбаліса. У час Вялікай Айчыннай вайны ён выпускаў ваенныя газеты, словамі «маляваў» партрэты яго сучаснікаў – тых, хто прынёс Перамогу. Сярод іх наш з вамі зямляк. Прапануем пазнаёміцца з урыўкамі кнігі Міхаіла Ізраілевіча «Такие нам выпали годы».

«Вайну з гітлераўцамі 132-я дывізія пачала на тэрыторыі Беларусі. Цяжкія былі баі. Адзначыліся ў тых баях  сваёй адвагай і майстэрствам многія, у тым ліку і самі беларусы. Сярод іх – радавы Аляксандр Лешчанок.

Ён быў ручным кулямётчыкам. Колькі разоў даводзілася яму адбівацца сваім агнём ад наступаючага супраціўніка! Пры выхадзе з апошняга акружэння старшына роты загадаў Лешчанку і яшчэ тром байцам прыкрыць адыход штаба палка. Атаку ворагаў яны адбілі, дзесяткі гітлераўцаў засталіся на полі бою. А штаб нашага палка выйшаў з акружэння. З ім – кулямётчык Лешчанок – высокі, падцягнуты, смелы.

Сустрэўся я з ім – ужо не кулямётчыкам, а сцяганосцам! Як так атрымалася? Не, Лешчанок падрабязнасці расказваць не стаў – надта сціплы чалавек. А даведаўся пра гэта ад намесніка камандзіра палка маёра Сяргея Карпава. На жаль, не дажыў ён да Перамогі, загінуў.

Выявілася, што пры выхадзе з акружэння баявы сцяг 498-га палка выносіў камандзір каменданцкага ўзвода Ілля Бухдрукер. Але агнём нацыстаў быў забіты. Сцяг ратуе чырвонаармеец Кандраценка, але і ў яго стрэлілі гітлераўцы. Побач быў кулямётчык Лешчанок, які вынес сцяг  і перадаў яго ад’ютанту камандзіра палка. Але адразу пачуў ад яго:

– Ты выратаваў Сцяг, ты і будзеш сцяганосцам!

Ва ўсіх наступных баях Лешчанок неаднаразова даставаў баявы сцяг для натхнення аднапалчан.  У канун Дня Чырвонай Арміі ў 1943 годзе нашы часці наступалі пад Курскам. Супраціўнік адчаянна адбіваўцца. Разрыў снарада. Лешчанок падае… Асколак трапіў яму ў вока. Сябра Іван Шаўлякоў дапамог данесці таварыша да санчасці, а сцяг – да камандзіра палка. Шаўлякова назначылі сцяганосцам, ён данёс яго да Берліна!

Такі вось гераічны эпізод Вялікай Айчыннай вайны».

Наш земляк Аляксандр Лешчанок выжыў, вярнуўся ў родны Лісцвін, працаваў пастухом. У калгасе ўсе паважалі франтавіка. Але каб не начальнік райваенкамата, не даведаліся б, што іх зямляк ратаваў Сцяг палка. Цераз 20 гадоў пасля Перамогі Аляксандра Сямёнавіча Лешчанка запрасілі ў Мінск на тэлебачанне – многія тысячы гледачоў пачулі пра подзвіг сціплага палешука. А мы з вамі – цяпер. 

 Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *