Адпраўляемся ў вёску Глінішча. Калючая гародніна ўжо вісіць у цяпліцы. Сям’я Савянок шануе прадукцыю, вырашчаную сваімі рукамі на хатнім падворку. Таму клапоціцца пра будучыню свайго ўраджая з пачатку сакавіка. Сярод любімых гатункаў назвалі «Раднічок» і «Кураж». Агуркі яны ядзяць пераважна ў свежым выглядзе і марынуюць.
Гаспадыня дома – Валянціна – падзялілася маленькім сакрэтам: каб агурочкі выраслі без горкага прысмаку, ім трэба даваць шмат паліву. Пажадана штодня. І толькі цёплай вадой. Сямейства (уключаючы мужа і дачку) ўжо пратэсціравала зялёны ўраджай і адзначае, што такая гародніна даспадобы і не параўнаецца з магазіннай. Свежы, хрусткі і духмяны агурок – незаменны прадукт на летнім стале. І яшчэ добры «пачастунак» для родзічаў.
Дарэчы, для дачнікаў парада: падвязваць расліны да моцна нацягнутага шпагату нельга: гэта можа прывесці да пашкоджання каранёвай сістэмы і нават вырыванню з зямлі.
Усім багатага ўраджаю!
Вікторыя МАРОЗ. Фота аўтара.