Нарэшце пайшла маладая беларуская бульбачка. Гандлююць нашым «другім хлебам» не ўсюды (у некаторых магазінах мы яе зусім не знайшлі). Паглядзім, пачым яна ў Хойніках.
Некаторыя з землякоў ужо спрабавалі новы ўраджай, з кропчыкам, сальцам, ды маслам. Дарэчы, раней на базары, напрыклад, першая бульба каштавала 5 рублёў за кіло. Зараз значна дзешавей. Мы прынеслі вам з магазінаў (і не толькі) бульбяны фотафакт.
Спачатку праехалі зразумела на базар, там заўсёды вялікі выбар, ды і зніжку могуць зрабіць, калі багата бярэш. Так, за маленькія клубні прыйдзецца рыхтаваць рубль, за вялікія ўжо 2 руб. за кілаграм. Праўда, і даражэй была: 2,50 руб. Аднак, як заўважыў прадавец, цана такая таму што яна вельмі смачная, і гатунак «Уладар» разварысты і ўраджайны. Адным словам, калі купім – не пашкадуем. Што ж, у другі раз абавязкова, а пакуль паедзем далей.
За кілаграм шчасця ў «Копеечке» патрабуюць 2,45 руб. На знешні погляд маладая бульба прыгожая. У «Евроопте» – 2,49 руб. за кіло. Знаёмыя бралі, казалі, што добрая. У магазіне «Вкусняшка» – 2,50 руб. Самую дарагую цану мы сустрэлі ў «БелАз» – 2,90 руб. І як мы даведаліся, бульба не беларуская, а прывезеная з Расіі.
Цану ў нашым аглядзе ўказвалі на 9 ліпеня.
Бульбы ў хату, хайнічане!
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.
