Штогод у час святкавання Дня настаўніка педагогі арганізоўваюць на дзіва незвычайны канцэрт з мноствам крэатыўных дэталяў. Сёлета за сцэнарную аснову ўзялі ні многа ні мала, а цэлае жыццё з усімі яго важнымі этапамі. Кожную з частак свята суправаджалі розныя вядучыя – ад самых маленькіх артыстаў да дарослых канферансье.
У афіцыйнай частцы канцэрта заслужаныя ўзнагароды атрымалі работнікі адукацыі ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, намесніка старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л.Ф. Кулакоўскай і старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі Т.М. Сямёнавай. Кожная з выступаючых цёпла павіншавала работнікаў адукацыйнай сферы. Словы вялікай падзякі выказала ад імя ўсіх бацькоў першы сакратар райкама БРСМ Л.А. Гаркуша.
Словы павагі і ўдзячнасці гучалі і ў адрас ветэранаў педагагічнай працы. Сімвалічны падарунак вопытным настаўнікам зрабілі маладыя спецыялісты, якія сёлета прыехалі працаваць на Хойнікшчыну. Падарунак ад моладзі прыняла ветэран педагагічнай працы Н.П. Мішына.
Арганізатары канцэрта паклапаціліся, каб толькі добры настрой панаваў на мерапрыемстве. Не забыліся вядучыя і пажартаваць з гледачамі. У якасці вясёлага конкурса ў зале адна з вядучых, А. Мартыненка, прапанавала сваім выпадковым рэспандэнтам адказаць на даволі правакацыйныя пытанні. Усе справіліся з выпрабаваннем на «выдатна».
Зборны канцэрт увабраў у сябе лепшыя выступленні навучэнцаў розных школ нашага раёна. З гумарыстычным разважаннем пра будучае школы выступілі вучні Стралічаўскай школы. Ведаеце, многія камічныя прапановы знайшлі станоўчы водгук у зале. Напрыклад, выказванне старшакласнікаў пра самастойнае навучанне і дадатковыя канікулы для педагогаў. Але не толькі дзеці выступілі на сцэне гарадскога цэнтра культуры, творчыя нумары прэзентавалі сваім калегам і настаўнікі. Квартэт Стралічаўскай школы ў фінале канцэрта ўдала завяршыў лірычную праграму свята.
Адной з традыцыйных дэталяў свята педагогаў стала выстаўка восеньскіх букетаў – здаецца, усе колеры верасня былі сабраны ў фае цэнтра культуры.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.