…І самім старацца трэба


Аб ролі сельскіх Саветаў дэпутатаў, іншых служб у арганізацыі работы з насельніцтвам па мінімізацыі вынікаў чарнобыльскай катастрофы ішла размова на выязным семінары на базе аграгарадка “Судкова”.

Перш чым сабрацца ў глядзельнай зале Судкоўскага СДК, яго ўдзельнікі наведалі шэраг аб’ектаў аграгарадка і змаглі, што называецца, ўвачавідку пераканацца ў выніках работы па мінімізацыі вынікаў чарнобыльскай катастрофы на тэрыторыі Савета. Узяць, да прыкладу, амбулаторыю ўрача агульнай практыкі, дзе створаны ўсе ўмовы для прыёму наведвальнікаў: сучаснае  абсталяванне, кваліфікаваны персанал. Гэтае ж можна сказаць і пра ўстановы адукацыі, дзе выхоўваецца і навучаецца падрастаючае пакаленне. На цэнтральнай МТФ устаноўлены малакапровад, што значна аблягчае працу жывёлаводаў. Прыемна зайсці ў адміністрацыйнае памяшканне Дварышчанскага сельсавета, дзе жыхары могуць вырашыць  асабістыя пытанні з дапамогай мясцовай улады. Таксама ўдзельнікі семінара наведалі музей “Трагедыя Чарнобыля”.

Пленарнае пасяджэнне з удзелам старшыні раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічана і члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктара РНДУП  “Інстытут радыялогіі” В.С. Аверыным было незаарганізаваным, вялася гранічна адкрытая і сумленная размова аб тым, што ўдалося і што не ўдалося зрабіць у вырашэнні чарнобыльскіх праблем, аб ролі ў гэтым органаў мясцовага кіравання і самакіравання.

Вопытам работы па тэме семінара падзяліўся старшыня Дварышчанскага сельвыканкома М.В. Блізнец.

Як адзначыла начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва, ЖКГ і па праблемах ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС Р.І. Каржанок, усе грамадзяне, пастаянна пражываючыя ў зоне 15-40 кюры на кіламетр квадратны, па іх жаданню былі пераселены за межы раёна або ў г. Хойнікі. У райцэнтры за кошт сродкаў, накіроўваемых на пераадоленне вынікаў катастрофы на ЧАЭС, пабудаваны шэсць шматкватэрных дамоў. Штогод у структуры  дзяржаўных сродкаў найбольшую вагу займаюць сацыяльна-абароненыя артыкулы адпаведнага Закона Рэспублікі Беларусь.

У цяперашні час у г. Хойнікі вядзецца будаўніцтва 60-кватэрнага дома за кошт чарнобыльскіх сродкаў: пры ўводзе ў эксплуатацыю яго ўсе сем’і, якія карыстаюцца льготамі па арт. 18 Закона, будуць забяспечаныя сацыяльным жыллём.

Для рэалізацыі задач па зніжэнню доз знешняга абпраменьвання чалавека ў раёне праводзіцца спецыялізаванай арганізацыяй РДУП “Палессе” знос і пахаванне рэшткаў пабудоў і аб’ектаў, на што выдзяляюцца значныя дзяржаўныя сродкі.

З года ў год дзяржава дапамагае раёну, выдзяляючы сродкі на правядзенне ахоўных мерапрыемстваў у аграпрамысловым комплексе для атрымання нарматыўна чыстай прадукцыі, выдзяляюцца сродкі на стварэнне многакампанетных выпасаў, набыццё мінеральных угнаенняў, спецадзення для працуючых у сельскай гаспадарцы.

Адным словам, дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу пацярпеўшым раёнам і выдзяляюцца сродкі, накіраваныя на сацыяльную абарону насельніцтва і бяспечнае пражыванне на забруджанай тэрыторыі.

Аднак многае залежыць і ад нас саміх. Захаванне здаровага ладу жыцця – неабходная ўмова для ўмацавання здароўя ва ўмовах радыяцыйнай рызыкі, адзначаў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Ю.Г. Васілевіч, пазнаёміўшы прысутных са статыстыкай захворванняў. Хвалюе рост выпадкаў сацыяльнага захворвання – туберкулёзу, сельвыканкомы павінны ўзяць пад свой кантроль флюараграфічнае абследаванне жыхароў. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Н.Р. Лагвінец падкрэсліла, што радыялагічнай лабараторыяй райЦГЭ праводзіцца кантроль прадукцыі з уласных падворкаў грамадзян. Маюцца перавышэнні дапушчальных доз у малацэ. Варта было б надаваць галоснасці даныя радыеметрычных даследаванняў, якія праводзяцца лабараторыяй ПДРЭЗ.

Кіраўнік раёна А.В. Бічан заклікаў сельвыканкомы, ідэалагічны актыў раёна актывізаваць работу з мэтай замацавання маладых спецыялістаў, удзяляць неаслабную ўвагу пытанням жыццезабеспячэння насельніцтва з мэтай мінімізацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС.

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сканцэнтраваў увагу прысутных на тым, што распрацоўваюцца мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы па ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС на перыяд 2010-2015 гадоў. Прапановы, просьбы і пажаданні жыхароў Хойнікшчыны паабяцаў улічыць пры гэтым.

Удзельнікі мастацкай самадзейнасці Судкоўскага СДК сумесна з вучнямі мясцовай школы паказалі ўдзельнікам семінара літаратурна-музычную кампазіцыю “Чорны след Чарнобыля”.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *