«Не зачыняюцца» сказана вобразна таму, што іх на самой справе вельмі часта адкрываюць госці з падарункамі дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна-педагагічным цэнтры вёскі Барысаўшчына на дзяржаўным забеспячэнні.
Вельмі прыемна канстатаваць, што тут у ліку першых ужо пабывалі з дабрачыннай місіяй былы старшыня Хойніцкага райвыканкама, а цяпер начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС А.І. Ціток і дырэктар рэспубліканскага спецыялізаванага унітарнага прадпрыемства «Палессе» Я.В. Белаш.
Разам з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л.Ф. Кулакоўскай шаноўныя госці ўручылі маленькім наведвальнікам камплекты пасцельнай бялізны, пакрывалы, махрыстыя халаты, прасціны, ручнікі, «салодкія падручнікі» «Асновы бяспекі жыццядзейнасці».
З Хойніцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя наведаліся навучэнцы групы № 15 са сваім куратарам А.В. Клюсковым, майстрамі вытворчага навучання Н.М. Каленчанка, М.В. Крысенкам. Педагогі разам з 30 першакурснікамі і іх бацькамі на сабраныя сродкі набылі для дзяцей салодкія падарункі і фрукты. А самаму маленькаму 4-гадоваму Мікіце падарылі яшчэ і мяккага мішку. Паездку сваім транспартам арганізаваў адзін з бацькоў навучэнцаў У.А. Каваленка.
Далучыліся да добрай справы і прадстаўнікі райкама прафсаюза работнікаў АПК на чале са старшынёй В.В. Харошка. Рабяты разам з гасцямі сабраліся за сталом, дзе іх чакалі смачныя пачастункі, і з задавальненнем распавядалі пра свае справы і навагоднія мары. Было столькі усмешак, цеплыні і шчырасці… Сапраўды, Новы год – час чараўніцтва. І гэта чараўніцтва мы ствараем самі, робячы дабро.
Алена СМУСЯНОК, Ірына ЛУКАШЭНКА, Наталля ЧЭКАН.