З кожным годам усё далей падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Толькі не для ўдзельнікаў баёў, бо тое, што давялося перанесці ім, не забываецца. Як ніколі не патрэбна забываць і наступным пакаленням, якою цаною заваявана перамога.
Бясцэнным скарбам у справе патрыятычнага выхавання моладзі з’яўляюцца ўспаміны ветэранаў. Перабіраючы нядаўна дакументы дамашняга архіву, знайшоў запісы 28-гадовай даўнасці маёй гутаркі з былым камандзірам партызанскага атрада імя Суворава К.Т. Сацурам. Яны асабліва дарагія мне, бо маладзенькім байцом гэтага атрада быў і я. Прапаную чытачам “ЛС”, маім землякам успаміны Кірыла Тарасавіча, ураджэнца вёскі Навасёлкі, які да вайны працаваў старшынёй Навасёлкаўскага сельскага Савета, а ў гады акупацыі Хойнікшчыны ўзначальваў атрад народных мсціўцаў.
М.С. СКРЫПЧАНКА, старшыня прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі.
У маіх думках, як жывыя, падзеі грознага 1941-га, калі фашысты ўчынялі расправы над мясцовым насельніцтвам. Уначы або на світанку, калі людзі спалі, карнікі падбіраліся да мірных селішчаў, спальвалі іх, забівалі і рабавалі людзей. Нас, партыйных і савецкіх работнікаў, чакала сур’ёзная работа. Дырэктыва ЦК ВКП(б), прамова Сталіна абавязвалі быць з народам і арганізоўваць яго на барацьбу з акупантамі. З першага дня вайны я, як і кожны камуніст, кожны савецкі чалавек стараўся як мага больш прынесці карысці Радзіме, садзейнічаць перамозе над ворагам.
Цэнтральны камітэт Кампартыі Беларусі, Палескі абком у першыя дні вайны аператыўна прынялі шэраг арганізацыйных мер. Бюро Хойніцкага РК КПБ надзейных людзей пакінула для падпольнай работы ў варожым тыле.
19 жніўня 1941 года адбыўся пленум Хойніцкага райкома партыі. На парадку дня стаялі два пытанні: аб становішчы на фронце і задачах партарганізацыі раёна і аб зацвярджэнні асобнага Хойніцкага састава партызанскага атрада і яго каманднага саставу.
З дакладам выступіў сакратар райкома П.П. Домнікаў. У партызанскі атрад увайшлі члены бюро РК КПБ, члены райкома, выканкома райсавета, старшыні сельскіх Саветаў і калгасаў. На месцы заставаліся сувязныя для падпольнай работы.
24 жніўня фашысты акупіравалі наш раён. Партызанскі атрад пад камандаваннем І.М. Тэйкіна адразу ж прыступіў да баявых дзеянняў. Перш за ўсё стрымлівалі рух фашысцкіх войск на ўсход, наносілі ўрон яго жывой сіле і тэхніцы. Партызаны рабілі на дарогах засады, разбуралі масты, нападалі на калоны гітлераўцаў, падрывалі воінскія эшалоны, выводзілі са строю тэлеграфна-тэлефонную сувязь.
У канцы жніўня ў раёне вёскі Бабчын на партызанскіх мінах узляцелі ў паветра некалькі аўтамашын з немцамі. Аб гэтым пісала газета “Правда”.
Фашысты спешна сталі вывозіць з нашага і суседніх Брагінскага і Камарынскага раёнаў у Германію жывёлу, збожжа па чыгунцы Хойнікі-Васілевічы-Брэст. Чыгуначны транспарт на працягу ўсяго часу быў галоўным аб’ектам дзеянняў партызан. Наша задача заключалася ў тым, каб зрываць гэтыя перавозкі, знішчаць жывую сілу і тэхніку праціўніка. Дзякуючы актыўным дзеянням на многіх участках вораг вымушаны быў адмовіцца ад начнога руху.
30 верасня 1941 года ва ўрочышчы “Майдан” (месца размяшчэння атрада) адбылося пасяджэнне падпольнага райкома партыі, асабліва памятнае для мяне. Аднагалосна мяне перавялі з кандыдатаў у члены партыі.
(Працяг будзе).