Паводле папярэдніх вынікаў праверкі сапраўднасці подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты, права на далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі і магчымасць стаць кандыдатамі захавалі дзесяць прэтэндэнтаў, якія прадставілі ў выбаркамы больш як 100 тыс. подпісаў, за выключэннем Уладзіміра Правальскага.
“Усе патэнцыяльныя кандыдаты, за выключэннем Уладзіміра Правальскага, захавалі права быць зарэгістраванымі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты. Колькасць сапраўдных подпісаў у падтрымку кожнага з дзесяці прэтэндэнтаў перавышае 100 тыс.”, – сказаў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, падводзячы папярэднія вынікі праверкі сапраўднасці подпісаў у раённых і гарадскіх выбаркамах.
Такім чынам, ЦВК можа зарэгістраваць кандыдатамі на пасаду Прэзідэнта Беларусі дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку, а таксама Рыгора Кастусёва, Аляксея Міхалевіча, Уладзіміра Някляева, Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Віктара Цярэшчанку, Дзмітрыя Уса.
Мікалай Лазавік не выключае, што ў час гэтай выбарчай кампаніі можа быць зарэгістравана найбольшая за ўсю гісторыю Беларусі колькасць кандыдатаў у прэзідэнты. Паводле яго слоў, рэальныя шанцы ёсць ва ўсіх дзесяці кандыдатаў. Яны прайшлі ўжо самы адказны этап выбарчай кампаніі – вылучэнне, застаўся больш просты этап – прадстаўленне ў ЦВК пісьмовай заявы аб згодзе балаціравацца кандыдатам у прэзідэнты, анкеты з біяграфічнымі данымі і дэкларацыі аб даходах і маёмасці (асобы, вылучанай кандыдатам, яго жонкі, паўналетніх блізкіх сваякоў, якія пражываюць з ім сумесна і вядуць агульную гаспадарку).
Зарэгістраваць кандыдатаў Цэнтрвыбаркам мае намер да 19 лістапада, каб на працягу месяца да выбараў яны маглі весці агітацыйную кампанію.
БЕЛТА.