Мы працягваем расказваць пра мужчын-дояраў, якія працуюць у нашым раёне. На гэты раз накіроўваемся на малочна-таварны комплекс у вёску Тунеўшчына. Жадаем пазнаёміцца з Юрыем Міхайлавічам Дубадзелам. «Я працую доярам больш за трыццаць пяць гадоў і за гэты час ні разу не згаджаўся фатаграфавацца!», – адразу ж адказаў мужчына на маю прапанову зрабіць яго здымак у газету. Зразумела, настрой адразу сапсаваўся, але здавацца мы не збіраліся.
Юрый Міхайлавіч вельмі сціплы, давялося «пабегаць» па даільнай зале за ім, знаходзячы самыя пераканаўчыя ўгаворы. Дзякуй загадчыцы комплексу – таксама пасадзейнічала. У выніку фатаграфія працавітага аператара машыннага даення – на газетнай паласе. Гэта адзін з нямногіх работнікаў, які працуе з самога адкрыцця комплексу – а ўведзены ў эксплуатацыю ён быў у 2009 годзе.
Дарэчы, гэта, напэўна, самы «багаты» на мужчын-дояраў комплекс у раёне – за сем гадоў з хвосцікам тут было пяць прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, якія даілі кароў. Лёс іх склаўся па-рознаму, хтосьці застаўся ў жывёлагадоўлі, а нехта перайшоў у іншую галіну. А вось Ю.М. Дубадзел сваёй прафесіі не змяняе, штогод паказваючы нядрэнныя вынікі і абганяючы па паказчыках надояў жанчын-калег.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.