Служба ў органах — сапраўднае прызванне


IMG_5912Таісію Сямёнаўну Альпяровіч ведаю яшчэ са школьных гадоў, і ўвесь гэты час не перастаю здзіўляцца яе аптымізму і пазітыўнаму ўспрыманню жыцця, якім бы яно ні было. Расла яна вельмі актыўнай і рухомай дзяўчынай, а таму гульні з лялькамі і сукенкамі – гэта было не для Таісы. Яе заўсёды вабілі больш «адрэналінавыя» заняткі: гульнявыя віды спорту – футбол, хакей, валейбол і баскетбол, турыстычныя паходы па родных мясцінах, купанне ў мясцовых сажалках і паездкі на прыгажуню Прыпяць. А таму колам яе сяброў сталі суседскія хлапчукі, сярод якіх яна карысталася бясспрэчным аўтарытэтам.

Таісія Сямёнаўна заўсёды вызначалася абвостраным пачуццём справядлівасці і заўсёды гарой за яе стаяла.
– Я ніколі не цярпела, калі крыўдзілі слабых, спрабавалі іх падмануць альбо прынізіць,– успамінае яна.
А выдатная фізічная падрыхтоўка, рашучасць і смеласць характару толькі дапамагалі ёй у абароне несправядліва пакрыўджаных. Таму ніколькі не здзівіўся, упершыню сустрэўшы Таісію Сямёнаўну ў міліцэйскай форме.
Хаця пасля заканчэння СШ № 2 у 1973 годзе дзяўчына паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя М.Горкага, філалагічны факультэт якога па спецыяльнасці «Рускі язык і літаратура» яна паспяхова закончыла ў 1977-м і прыступіла да работы настаўніцай Дварышчанскай сярэдняй школы.Але, відаць, яе сапраўднае прызванне – работа ў органах унутраных спраў. А таму, калі ў снежні таго ж 1977 года ёй прапанавалі перайсці ў інспекцыю па справах непаўналетніх Хойніцкага РАУС, Таісія Сямёнаўна ніколькі не вагалася. Сем гадоў яна адпрацавала з «цяжкімі» падлеткамі, а ў 1984 годзе яе прызначылі начальнікам кабінета прафілактыкі медвыцвярэзніка. Гэтая ўстанова, начальнікам якой яна стала ў 1998 годзе, і была яе месцам службы да выхаду на заслужаны адпачынак у 2003 годзе.
Варта ўспомніць самыя цяжкія першыя гады пасля чарнобыльскай аварыі, у якіх было ўсё – і дзяжурствы, і рэйды па зонах адчужэння і адсялення, і зразумелая жаночая трывога за здароўе сваіх родных і блізкіх. І сама яна ў той час рыхтавалася стаць маці. Але ўсё скончылася добра. У 1987 годзе нарадзілася яе сённяшняя радасць – дачка Ірына.
Вяртаючыся да спраў службовых, нельга не адзначыць тое, што як і некалі ў дзяцінстве, у калектыве РАУС Таісія Сямёнаўна карысталася такім жа заслужаным аўтарытэтам. Прычым не толькі сярод калег па рабоце, але і сваіх, так бы мовіць, падапечных. Ёй не складала раней і не складае сёння цяжкасці знайсці кантакт з любым чалавекам. Такое ўменне чалавечай камунікацыі – гэта не толькі вынік багатага прафесійнага вопыту, але і сапраўдны божы дар, які ўласцівы далёка не кожнаму. Тонкае пачуццё гумару, абавязковая і шчырая добразычлівасць у адносінах да кожнага чалавека, абшырныя веды ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці і ўсё тое ж, так і не ачарсцвеўшае, не прытупленае з гадамі пачуццё справядлівасці – вось тыя чалавечыя якасці, за якія і сёння паважаюць яе людзі. Не раз прыкмячаў, як святлеюць іх твары пры ўзгадванні яе імя і прозвішча.
– Галоўным у сваёй рабоце я заўсёды лічыла павагу да чалавека, нават да таго, які нейкім чынам парушыў нормы і правілы, устаноўленыя ў грамадстве, – гаворыць Таісія Сямёнаўна. – І таго ж патрабавала ад сваіх падначаленых. Не кожны з тых, хто выпіў лішняга і трапіў да нас, адпеты алкаголік. Раніцай ён вернецца да сям’і і работы, стане такім жа членам грамадства, якім быў да гэтага. Упэўнена ў тым, што многім з іх станавілася потым сорамна за свае паводзіны і яны рабілі належныя вывады. Ды і ўзяць нават хранічнага алкаголіка. Хіба ён не варты нашага разумення і спачування? Напэўна ж і ў гэтага чалавека былі на тое зусім не вясёлыя прычыны, таму я заўсёды імкнулася дапамагчы такім людзям словам і справай. І заўсёды шчыра радавалася, калі гэта атрымлівалася.
Радуецца яна і другім пладам сваёй работы – прафесійнаму росту падначаленых, якіх некалі ўсяляк настройвала на працяг навучання ў ВНУ. У выніку закончылі службу ў органах у званні падпалкоўніка міліцыі Міхаіл Кузьменка, Леанід Купрэйчык, які цяпер з’яўляецца старшынёй суда Хойніцкага раёна, а таксама Аляксандр Сабадаш. Да вялікіх «зорак» дараслі і Анатолій Карабко, Сяргей Гардзейчык і інш., а пачыналі ж некалі сяржантамі.
Падпалкоўнік запасу Т.С. Альпяровіч і сёння пры справе – узначальвае савет ветэранаў супрацоўнікаў РАУС і, як у гады службы, аддае гэтай пасадзе ўсю сваю кіпучую энергію і ініцыятыву. Менавіта гэтая ветэранская арганізацыя вызначаецца сярод іншых сваёй плённасцю і актыўнасцю.
Сёння Таісія Сямёнаўна шчыра радуецца сямейным і педагагічным поспехам дачкі Ірыны, якая працуе выкладчыцай англійскай мовы ў гарадской гімназіі, актыўна сочыць за падзеямі і жыццём аддзела ўнутраных спраў. Яна ўсё такая ж актыўная і ініцыятыўная.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота з архіву Т.С. Альпяровіч.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *