З парога ўжо бачна рука гаспадыні – самаробнымі дыванамі заслана падлога ў доме. Наша гераіня Надзея Вашчанка пражывае ў Хойніках. Некалькі гадоў назад паспрабавала для сябе новае хоббі. І атрымалася.
«Я творчая натура. Вырашыла рабіць прыгажосць, заадно радую сябе і родзічаў. Падарыла ні адзін дзясятак дыванкоў блізкім і знаёмым. Мой матэрыял для работ – непатрэбнае старое адзенне, распускаю кофты, майкі. Затым тканіну рэжу на стужкі і вяжу вось такія дыванкі. Ці распускаю вязаныя рэчы. Больш за 50 палавікоў ужо на рахунку. Спачатку атрымліваліся недарэчныя. Зараз увайшла ў смак, прафесійныя выходзяць. Для захаплення мне неабходны ніткі і кручок. Па форме палавікі розныя: ёсць круглыя, квадратныя, авальныя. Веру, што ў хаце яны служаць як абярэг, прыносяць шчасце ў сям’ю», – расказвае зямлячка.
Дыванкі розных памераў і колераў вырабляе Надзея Вашчанка. А ўсе шадэўры глядзіць па схемах з інтэрнэту – відэаўрокі ў дапамогу. За дзень можа звязаць два штукі. Рука набітая.
Жанчына адзначае, што гэта занятак для душы. І пералічвае плюсы такого прадмету інтэр’еру: – Падобны палавічок без праблем можна мыць у машыне-аўтамаце, яны надаюць хатнюю ўтульнасць. Добра глядзяцца, калі да месца. І вельмі мяккія.
Хтосьці скажа, што палавічкі, як у бабулі – учарашні дзень. Аднак усё ж застаюцца папулярнымі, таму што вяртаецца мода на вінтаж, ды і ў кожны палавічок укладзены любоў, клопат і душа. І самае галоўнае – гераіня надае другое жыццё рэчам – а гэта экалагічна. А сам працэс стварэння заварожвае: бо з пяцелькі за пяцелькай нараджаецца выраб.
Тэкст і фота Вікторыі МАРОЗ.












