У чэснай бескампраміснай барацьбе праходзіў турнір па валейболу сярод каманд сельскіх і раённага выканаўчага камітэта па валейболу ў памяшканні спартыўнай залы Судкоўскай СШ, арганізаваны дзяржаўнай установай “Хойніцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб”, РК ГА БРСМ і аддзелам па справах моладзі райвыканкама і прысвечаны 67-й гадавіне вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў выступіла і пажадала спартсменам перамогі старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар.
Трэба было бачыць, з якім азартам удзельнікі змагаліся за права быць лепшымі, як бурна рэагавалі на кожны забіты або прапушчаны мяч пры актыўнай падтрымцы балельшчыкаў.
Сем каманд праводзілі гульні па групавой сістэме. У выніку першае месца заняла каманда Алексіцкага сельвыканкама, другое – Паселіцкага, трэцяе – Барысаўшчанскага сельскага выканаўчага камітэта.
Каманды-пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі, якія ўручыла начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама І.С. Панчанка.
Клаўдзія МІКАЛАЕВА.