Бягучы год завяршае дзеючую пяцігодку. Для жыхароў нашага раёна ён багаты на падзеі ў эканамічным, грамадска-палітычным, культурным і спартыўным жыцці.
Аднак, безумоўна, галоўнай падзеяй для жыхароў Хойнікшчыны стаў Дзень беларускага пісьменства, які мы разам з усёй краінай, аднак на правах гаспадароў, адзначылі 4-5 верасня. Менавіта ў рамках падрыхтоўкі да гэтага свята наш горад набыў самае сучаснае, дагледжанае і самабытнае аблічча. Акрамя таго, нямала зроблена па мадэрнізацыі многіх прамысловых аб’ектаў горада (РУП “Хойніцкі торфабрыкетны завод”, ПУП “Палескія сыры”, раённы вузел электрасувязі, ДЭУ-155, у якім наогул пабудаваны новы асфальтабетонны завод, ДЭУ-45) і аб’ектаў сельгасвытворчасці (КСУП імя Мележа, “Аравічы”, “Судкова”).
Толькі па лініі заказчыка – КУП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Хойніцкага раёна” работы па рэканструкцыі, капітальных, дахавых і фасадных рамонтах, а таксама па добраўпарадкаванню вуліц і тэрыторый адначасова вяліся на 45 аб’ектах. Самыя буйныя з іх – гэта капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі раённага Дома культуры, кінатэатра “Юбілейны”, будынкаў райвыканкама, пракуратуры і Дзяржаўтаінспекцыі, другая чарга рэканструкцыі будынка ГЦКіС “Меліяратар”, рэканструкцыя былога магазіна “Дзіцячы мір” пад Дом абрадаў, гарадскога парка і будынка-сядзібы ХІХ стагоддзя ў ім, гарадскога стадыёна, будынка РАУС, добраўпарадкаванне 24 вуліц райцэнтра, рэканструкцыя водаправодных сетак горада. Толькі на гэтыя і іншыя аб’екты, заказчыкам па якіх выступала ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Хойніцкага раёна, затрачана больш за 47 мільярдаў рублёў.
Аднак работы па капітальнаму рамонту і рэканструкцыі будынкаў і памяшканняў вяліся (а на раённым судзе і вядуцца зараз) таксама за кошт уласных і ведамасных сродкаў. Гэта абноўленыя цэх газавай гаспадаркі, аўтастанцыя, раённы вузел паштовай сувязі, цэнтральная раённая аптэка, раённыя філіялы “Беларусбанка” (які пабудаваў, дарэчы, сваё аддзяленне ў мікрараёне “Юбілейны”) і “Белаграпрамбанка”, 13 магазінаў раённага спажывецкага таварыства і іншыя – усе нават цяжка ўспомніць і пералічыць!
А колькі зроблена работнікамі КЖУП “Хойніцкі камунальнік”! Гэта дахавыя і фасадныя рамонты ўсіх шматкватэрных дамоў у “старых” Хойніках, а таксама многіх такіх жа дамоў у мікрараёне “Юбілейны”, капітальны рамонт гасцініцы, а таксама лазні № 1 насупраць яе, рэканструкцыя водаправодных, каналізацыйных і ацяпляльных сетак.
Адным словам, плённасці такой дастойнай падрыхтоўкі да свята садзейнічалі ўсе прадпрыемствы і арганізацыі горада. У тым ліку і яго жыхары, якія рэгулярна выходзілі на суботнікі па навядзенню парадку і адлічвалі сродкі ў фонд падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства.
А яшчэ 2010 год запомніцца навасёлам 60-кватэрнага дома сацыяльнага жылля ў мікрараёне “Юбілейны”, па 5 аднакватэрных індывідуальных жылых дамоў здадзена ў эксплуатацыю ў Велеціне, Вялікім Боры, Стралічаве, Глінішчы, яшчэ адзін такі дом зусім нядаўна, у канцы лістапада, заселены ў Судкове. Акрамя таго, аднакватэрныя жылыя дамы для мнагадзетных сем’яў у 2010 годзе пабудаваны на вуліцах Берагавога (2) і Савецкай (1).
І яшчэ адзін цікавы факт. Калі за ўвесь 2009 год да крыніц карыстання газам у раёне падключана 385 домаўладанняў, то за 10 месяцаў бягучага года газіфікавана ажно 560 дамоў.
Падрыхтаваў Віктар НАЗАРАНКА.