Загартавала служба


DSC_0001На службу ў органы ўнутраных спраў Мікалай Васільевіч Свірыдзецкі (на здымку ў цэнтры) паступіў у 1993 годзе. 

Да гэтага паспеў закончыць Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум і Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, спецыяльнасць выбраў адну з самых мірных і стваральных – аграном. Атрыманыя за гады навучання веды паспеў прымяніць на пасадзе брыгадзіра паляводчай брыгады і сакратара камсамольскай, а потым і партыйнай арганізацыі саўгаса «Хойніцкі».
90-я гады мінулага стагоддзя, калі знікла з палітычнай карты свету былая Краіна Саветаў, характарызаваліся палітычным, эканамічным і нацыянальным станаўленнем яе былых рэспублік як незалежных і сувярэнных дзяржаў. А такія часы перамен і рэформ заўсёды пагражаюць узрастаннем злачыннасці і рэзкім пагаршэннем крымінагеннай сітуацыі ў грамадстве.
Не стала выключэннем і наша родная Беларусь, таму органам унутраных спраў былі патрэбны новыя супрацоўнікі, якія б разбіраліся ў эканоміцы, ведалі сітуацыю на месцах, карысталіся аўтарытэтам сярод мясцовага насельніцтва. М.В. Свірыдзецкі адпавядаў усім гэтым патрабаванням, а таму калі кіраўніцтва Хойніцкага РАУС прапанавала яму стаць участковым інспектарам Барысаўшчанскага сельскага Савета, адразу згадзіўся. Трэба сказаць, што ўчастак работы маладому ўчастковаму дастаўся адзін з самых складаных, таму што ўзровень злачыннасці на тэрыторыі Савета быў самым высокім у раёне. Хапала выпадкаў крадзяжоў, фактаў хуліганства, былі і падпалы маёмасці.
Нямала давялося прайсці сцежак-дарожак, наведаць домаўладанняў (канешне ж, пехатой – машынамі тады ж участковых не забяспечвалі) разам са старшынёй сельсавета Н.Б. Базановіч, іншымі вясковымі актывістамі, пагутарыць з людзьмі, знайсці для сябе падтрымку і памочнікаў з ліку мясцовай моладзі. І мала-памалу злачыннасць на тэрыторыі Савета пайшла на спад, гэта ацаніла кіраўніцтва РАУС, і М.В. Свірыдзецкага прызначылі ўзначаліць, па сутнасці, усю службу ўчастковых інспектараў раёна – паставілі начальнікам аддзялення бяспекі і правапарадку. Акрамя ўчастковых давялося яму каардынаваць работу крымінальна-папраўчай інспекцыі, дзяжурнай часткі, інспекцыі па справах непаўналетніх, узвода па ахове зон адсялення і адчужэння. Адным словам, было ў чалавека проста шмат работы, а стала – вельмі шмат. Але і тут Мікалай Васільевіч умудраўся паспяваць усюды: і ахову зоны адчужэння кантраляваць, і работу з вызваленымі пасля адбыцця пакарання крымінальнымі элементамі, і з абавязанымі па Дэкрэту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18, і з цяжкімі падлеткамі, і з участковымі інспектарамі працаваць, і грамадзян прымаць на асабістым прыёме. Дома бываў толькі глыбокім вечарам, але і начныя выклікі былі не рэдкасцю. Але жонка Алена Васільеўна і два сыны Аляксей і Канстанцін разумелі спецыфіку службы мужа і бацькі, а таму і слоў папроку ад іх Мікалай Васільевіч ніколі і не чуў.
Ішлі гады, былы лейтэнант міліцыі набіраўся практычнага вопыту, прафесійных ведаў, а закончыў службу ў званні падпалкоўніка міліцыі. Дапамаглі ў справах службы і выдатнае веданне тэхнікі (самастойна можа і сёння любы рухавік любой машыны і трактара адрамантаваць) і ўменне ладзіць з грамадзянамі, а таксама роўныя і тактычныя адносіны з усімі таварышамі па рабоце, многіх з якіх М.В. Свірыдзецкі і сёння ўспамінае з асаблівай цеплынёй і павагай:.
– Самымі добрымі словамі мне хочацца ўспомніць тых, хто такімі ж добрымі словамі і ўласным прыкладам вучылі мяне стаць сапраўдным ахоўнікам правапарадку. Гэта Г.В. Кузьменка, А.А. Сліжыкаў, М.І. Гарашчанка, Д.М. Дзям’яненка, Т.С. Альпяровіч. Менавіта яны дапамаглі мне ў прафесіянальным і жыццёвым станаўленні.
Сёння Мікалай Васільевіч Свірыдзецкі працуе ў сістэме аховы ААТ ПВУ «Мілкавіта». Да сваіх сённяшніх прафесійных абавязкаў ён ставіцца гэтак жа адказна і сумленна, як навучыла і загартавала яго міліцэйская служба, і якую і сёння гэты чалавек узгадвае як свае лепшыя гады жыцця.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота з архіва М.В. Свірыдзецкага, на ім ён у час узначальвання службы ўчастковых інспектараў РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *