Усяго на адзін дзень залы былой панскай сядзібы, дзе зараз знаходзіцца Хойніцкі раённы краязнаўчы музей, ператварыліся ў выставачныя ваеннай зброі. У Хойнікі напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прывезла экспанаты ўзбраення розных часоў Гомельская пагранічная група, якая сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама арганізавала шэраг цікавых мерапрыемстваў.
Кулямёт Калашнікава, пісталет Шпагіна, вінтоўка Мосіна – усё гэта маглі ўбачыць наведвальнікі музея. Ім дазвалялася патрымаць зброю ў руках, ацаніць яе вагу. Такой магчымасцю з задавальненнем скарысталіся не толькі вучні школ, але і дарослыя.
Для школьнікаў правёў экскурсію адзін з арганізатараў экспазіцыі – начальнік аддзела ідэалагічнай работы Гомельскай пагранічнай групы падпалкоўнік А.М. Панасейка.Усе словы экскурсавода-ваеннага былі падмацаваны яркімі прыкладамі. Так, расказваючы пра пошукі радыеактыўнага элемента на вопратцы, побач гэта і дэманстравалі. Для выяўлення такіх рэчаў у арсенале гомельскіх пагранічнікаў была дастаўлена цэлая лабараторыя на колах, дзе, акрамя моцнага камп’ютара, ёсць яшчэ некалькі гаджэтаў.
Якая ж граніца без службовых сабак? Адзін з хвастатых «салдат», аўчарка Скубі, з выгляду мае спакойны і добры характар, ветліва дае сябе пагладзіць. Але пры камандзе «Фас!» паводзіны сабакі мяняюцца, за лічаныя секунды ён хапае «злачынцу». Дарэчы, у яго ролі выступіў адзін з пагранічнікаў, апрануты ў спецыяльны ахоўны касцюм. Сіл у паўтарагадовага Скубі дастаткова, каб моцна схапіць правапарушальніка і нейкі час цягнуць яго па зямлі. Гэты «атракцыён» школьнікам дэманстравалі ў гарадскім парку. Відовішча ўражальнае!
Адчуць сябе героем вострасюжэтнага фільма маглі не толькі хлопцы, але і іх равесніцы-дзяўчынкі. Школьнікам прапанавалі пастраляць з дапамогай спецыяльнага трэнажора без выкарыстання куль. Да мішэні праведзены правады, па якіх даныя пра стрэл перадаюцца ў праграму. І бяспечна, і карысна. Скарысталіся магчымасцю праверыць сябе на трапнасць і педагогі.
Працягам выстаўкі стаў «круглы стол» на тэму «Служу Айчыне!», дзе ўзялі ўдзел намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкама Ж.М. Чарняўская, ваенны камісар Хойніцкага і Брагінскага раёнаў Д.У. Жданаў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л.В. Неволіна, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў ФПБ Н.М. Малаш, першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Л.А. Гаркуша, старшыні ветэранскіх арганізацый і вучні старшых класаў.
Мерапрыемства працягвалася ў раённым Доме культуры, дзе для віноўнікаў свята – мужчын, адбыўся канцэрт аркестра Гомельскай пагранічнай групы «Свята мужнасці і гонару». Дарэчы, сёлета аркестр святкуе 20-годдзе. Прыемна, што ў юбілейны год ваенныя музыканты наведалі і Хойніцкі раён.
У ліку таленавітых выканаўцаў выступіла і салістка Вікторыя Рыбакова. Імя названа невыпадкова – яе родзічы жывуць у Хойніках і з задавальненнем прыйшлі падтрымаць блізкага чалавека.
Непасрэдна ў дзень свята для мужчын у гарадской гімназіі адбылася канцэртная праграма «Свята мужнасці і гонару», арганізаваная калектывамі ўстановы адукацыі і дзіцячай школы мастацтваў.