Загадчык Дома-музея Івана Мележа Любоў Рубан выбрала топ-5 самых цікавых рэчаў пісьменніка

Культура

Той паляшук шчаслівы, хто хаця б разочак наведаў Дом-музей Івана Мележа. З гэтай маёй думкай згаджаецца і загадчык установы культуры Любоў Рубан.

З 2012 года Любоў Іванаўна знаёміць усіх жадаючых са спадчынай класіка беларускай літаратуры, які так дакладна паказаў усяму свету жыццё і побыт простых палешукоў. Ёсць думка, што рысы, характэрныя для жыхароў забалочанай паўднёвай Беларусі, і цяпер лёгка чытаюцца ва ўсіх нас.

З нагоды 104-годдзя з дня нараджэння Івана Паўлавіча папрасілі паважаную Любоў Іванаўну выдзяліць хаця б пяць яркіх экспанатаў, якія абавязкова трэба пабачыць.

Пачнём з першай залы, дзе стаіць ложак. Яго калісьці майстраваў бацька класіка – Павел Фёдаравіч. Бедны селянін, ён зарабляў на жыццё бандарствам – рабіў дзежы, скрыні і мэблю. Уявіце сабе, наколькі якасная была работа рамесніка Мележа, што і па сёння стаіць ложак.

Праходзім далей, пакуль Любоў Іванаўна падрабязна расказвае гісторыю амаль усіх рэчаў тут. На століку у другой зале ляжаць выданні Івана Мележа. Сярод іх самыя каштоўныя – першыя кнігі. Напрыклад, аповесць «Гарачы жнівень» 1948 года. З дакументальнай дакладнасцю Іван Паўлавіч увасобіў у героях твора сваіх землякоў, імёны іх таксама аўтар дае без зменаў.

Не праходзім міма аднаго з самых заўважных эксапанатаў – пішучая машынка Ундэрвуд. «Яе заўжды фатаграфуюць», – адзначае мая суразмоўца. І мы далучымся – прывабліваюць рэчы, якія садзейнічалі стварэнню бессмяротных твораў.

Пераходзім далей – у залу са шклянымі шафамі. Тут берагуць фотаздымкі пісьменніка, яго лісты і знакавыя дакументы. Ёсць фота, дзе Іван Паўлавіч разам з піянерамі Дварышчанскай школы. Дзеці па запрашэнні такога паважанага чалавека прыехалі ў сталіцу і, вядома, з падарункам – скураны партфель сёння займае годнае месца ў экспазіцыі.

На развітанне Любоў Рубан спяшаецца пазнаёміць з яшчэ адным здабыткам – наручным гадзіннікам. Не, ён не належаў самому аўтару «Палескай хронікі». У 1976 годзе, вясной, Іван Паўлавіч набыў іх для бацькі, які ў той час жыў у адной з дачок у Ленінградзе. У жніўні знакамітага пісьменніка не стане, а падарунак выявіцца развітальным…

Падрабязней пра няпросты літаратурны шлях і жыццёвыя перыпетыі нашага знакамітага літаратара і земляка можна даведацца ў Доме-музеі. Запрашаем!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *