Узнагарода за якасць у Год якасці
На базе паліграфічнага прадпрыемства ААТ “Палесдрук” перад навагоднімі святамі адбылося падвядзенне вынікаў працы калектываў галіны за 2010 год і ўзнагароджванне паліграфістаў, якія дабіліся найлепшых якасных паказчыкаў у працы. Ганаровае званне “Выдатнік якасці дадрукаванай вытворчасці сярод паліграфічных прадпрыемстваў Гомельскай вобласці” прысвоена аператару электроннага набора і вёрсткі КПУП “Паліграф” Пятру Іванавічу Раманенку.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Дыплом, знак выдатніка і букет кветак яму ўручыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама А.А. Каціла з пажаданнямі далейшых працоўных поспехаў.
Так трымаць, паважаны Пётр Іванавіч!
Камфорт – у дамы жыхароў раёна
Напярэдадні навагодніх свят, 27 снежня, Хойніцкі цэх газавай гаспадаркі міжраённага вытворчага ўпраўлення “Рэчыцаміжрайгаз” падвёў блакітнае паліва ў жылыя дамы па вуліцы Мікалаева, 5,7,9, а таксама па вуліцы К. Маркса, 9 і 35 – у кожным з іх газіфікавана па 8 кватэр. Работы па заказу КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, каму гэтыя дамы належаць, якасна выканаў калектыў “НікаГазБуда” г. Гомеля.
Пасля заканчэння будаўніча-мантажных работ і перадачы выканальніцкай дакументацыі будуць газіфікаваны 40 кватэр дамоў №№ 5 і 23 па вуліцы К. Маркса, а таксама завулка Калгасны,4.
У цяперашні час работы па газіфікацыі дамоў па вуліцы Мікалаева, 10, і А.Кашавога, 6, праводзяцца калектывам “Камфортсервіс” г. Мазыра.
А ўвогуле цэхам газавай гаспадаркі сёлета праведзены прыродны газ у 669 прыватных кватэр, газіфікаваны 60-кватэрная шматпавярхоўка і 8 індывідуальных пабудаваных дамоў у нашым горадзе і сельскіх населеных пунктах раёна.
Да ўводу гатовы
Добры падарунак аматарам спорту нашага горада падрыхтавалі будаўнікі “Палессеводбуда” г. Мазыра – выкананы асноўны фронт работ па аб’екту “Рэканструкцыя Дома культуры “Меліяратар”(другая чарга).”
Асвоена на гэтым аб’екце паўтара мільярда рублёў капіталаўкладанняў. Спартыўную залу не пазнаць – яна змянілася ў лепшы бок кардынальным чынам. У першую чаргу, з вонкавага выгляду – абноўлены фасад, заменены дах, вокны, зроблена атынкоўка сцен. Унутры памяшкання з’явіліся раздзявалкі, кабінеты для трэнераў, цеплавузел, поўнасцю адрамантавана спартыўная зала. Закуплена спартыўнае абсталяванне – баскетбольнае, футбольнае, валейбольнае.
Адным словам, зроблена ўсё для таго, каб стварыць паўнацэнныя ўмовы для заняткаў спортам. Увод аб’екта плануецца вельмі хутка – у першай палове студзеня 2011 года.