Паездка ў в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна разам з настаўнікамі В.Р. Султанавай і А.М. Каралёвым выклікала ў нас асаблівыя ўражанні. Пасля трагічных падзей ваеннага ліхалецця прайшло 65 год, але нельга стрымаць слёз, ступаючы на гранітныя пліты мемарыяла вязням фашызму. Тут, у Чырвоным Беразе, захопнікі сабралі больш за дзве тысячы дзяцей, у якіх бралі кроў для лячэння нямецкіх салдат.
Балюча было глядзець на скульптуру безабароннай дзяўчыны з высока ўзнятымі рукамі. У некалькіх кроках ад яе знаходзіцца “мёртвы клас” з 21 партай і школьнай дошкай, на якой у чорнай мармуровай пліце ўвекавечаны тэкст пісьма 15-гадовай Каці Сусанавай бацьку на фронт з маленнем адпомсціць за ўсіх. За “класам” размешчана плошча Сонца, на ёй знаходзіцца вялікі белы карабель з імёнамі загінуўшых дзяцей і іх прыгожымі малюнкамі ў вітражах.
…Мінулі дзесяцігоддзі пасля заканчэння адной з самых кровапралітных войн, а боль і пакуты людзей, якія перажылі страшную трагедыю, і зараз адчувальныя ў кожнай беларускай сям’і.
Пасля экскурсіі ў памяці засталіся ўвекавечаныя словы на дошцы ў “мёртвым класе”, перажыванні за пакутнікаў-дзяцей і белы караблік, які тыя рабяты ніколі не пусцяць у далёкае плаванне…
В. Кучарава, К. Разуменка, вучаніцы 8 “Б” класа дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі.