Навіны, якія выбрала прадстаўніца Маладзёжнага парламенту Таццяна Талюк.
1. Рэспубліканскі злёт маладых работнікаў сяла «АграБудучыня» адбыўся на гэтым тыдні. Месца падзеі – Магілёўская вобласць. Там сабраліся каля 100 чалавек – працаўнікі аграпрамысловага комплексу: аграномы, ветэрынарныя ўрачы, заатэхнікі і механізатары з кожнага рэгіёну нашай краіны.
Вядома, такая значная сустрэча адбылася ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. А ў другі дзень госці мерапрыемства пабывалі ў аграгарадку Александрыя, дзе пазнаёміліся з гісторыяй міжнароднага фестывалю «Александрыя збірае сяброў».
2. Беларусь – адзіная дзяржава ў Еўропе, дзе 100% ляснога фонду пакрыта аўтаматызаванай сістэмай відэаназірання. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі.
Камеры відэаназірання дазваляюць у аўтаматычным рэжыме вылучаць пажары. Такая своечасовасць дапамагае службам аператыўна выехаць на месца і лакалізаваць пажар. Больш за 60% лясных пажараў летась хутка заўважылі дзякуючы дапамозе такой сістэмы.
3. Выставачныя цэнтры Беларусі і Расіі стварылі сумесны турыстычны праект «Маршруты Перамогі». Для першых маршрутаў выбрана памятная дата – 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Прычым шляхі пройдуць як па тэрыторыі Беларусі, так і ў Расіі. Напрыклад, у Маскве турысты наведаюць Музей Перамогі, Музей музыкі. А ў нас – мемарыяльны комплекс «Хатынь», Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Белавежскую пушчу.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.