Крыніца дабрабыту – дамашняя жывёлагадоўля

Сельское хозяйство

Выйшаўшы на пенсію ў 2007 годзе, жыхар вёскі Вялікі Бор Генадзій Іванавіч Кузько на справе даказаў, што асабістая падсобная гаспадарка можа быць асноўнай крыніцай даходаў сельскай сям’і.



Усё яго жыццё звязана з роднай вёскай. У школьныя гады нешта майстраваў, таму самастойную дзейнасць у будучым вырашыў звязаць з тэхнікай у тагачасным калгасе «Шлях да камунізму». Працаваў на трактарах розных марак, увесь сельскагаспадарчы год быў насычаны плённымі здабыткамі на хлебнай і кармавой ніве. Неаднаразова Генадзій Іванавіч выходзіў пераможцам спаборніцтва ў сваёй гаспадарцы і раёне, аб чым сведчаць дыпломы і граматы, якія беражліва захоўвае дома.



Як правіла, сельскія жыхары, нават стаўшы пенсіянерамі, як гэта ні пафасна гучыць, не могуць быць без працы. І любяць паўтараць народную прымаўку: «Паміраць збірайся, але жыта сей!». Вось і ўчарашні механізатар вырашыў стварыць дамашнюю ферму.



Спачатку паклапаціўся з жонкай Надзеждай Фёдараўнай  аб тым, чым карміць статак. Для гэтай мэты на прысядзібным участку ў 50 сотак вырошчваюць бульбу, кармавыя буракі, гарбузы. Сена гаспадар нарыхтоўвае старым дзедаўскім спосабам пры дапамозе касы. І зазначае, што для яго лепшага настрою не бывае, калі выходзіць на сенажаць, кладзе травастой ў валкі, а пах свежаскошанай травы разлятаецца па наваколлю.
Зараз на асабістым падворку Кузько тры дойныя каровы. Раней было пяць, дзве зусім нядаўна здалі на мяса ў райспажыўтаварыства. Але дамашняе пагалоўе вырашана павялічыць за кошт узнаўлення сваіх кароў.



За мінулы год Г.І.Кузько прадаў дзяржаве амаль 13 тон малака.
– Займацца  жывёлагадоўляй вельмі выгадна,– зазначае ён. – І самае галоўнае тое, што ўклаўшы ў справу свае сілы і старанні, атрымліваеш належны грашовы эфект – два разы ў месяц малаказборшчык В.Б. Кузьменка на дом прывозіць аплату за здадзенае малако. І грошы гэтыя складаюць асноўную частку нашага сямейнага бюджэту.
Летась гэтая сям’я мела даход і ад продажу маладняку буйной рагатай жывёлы – сельгаспрадпрыемства «Аравічы» ў яе закупіла пяць цялят. Разлік таксама парадаваў здатчыкаў – акрамя грошай за жывую вагу выдзелена па 100 кілаграмаў збожжа за кожную галаву маладняку.
Жывуць Генадзій Іванавіч і Надзежда Фёдараўна ў дыхтоўным доме, які пабудавалі самі. Муж і жонка выхавалі трох дзяцей, радуюцца шасці ўнукам. Іх старэйшая дачка Наталля жыве ў Гомелі, працуе медыцынскай сястрой. Прафесію медыка абрала і дачка Святлана, яна – стаматолаг, жыве ў Жлобіне. Таксама ў гэтым горадзе жыве сын Генадзій, вадзіцель па прафесіі.


 


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *