Цяжка пісаць пра чалавека, які быў маім родным братам, якога я вельмі паважала і радавалася яго поспехам і які мог бы яшчэ не раз парадаваць родных, землякоў і ўсіх, хто ведаў і цаніў яго.
Нягледзячы на дрэннае здароўе, Іван Паўлавіч многа працаваў, аддаючыся поўнасцю сваёй любімай справе, не шкадуючы сябе.
Зразумела, ён шмат чым абавязаны быў у першую чаргу дзвюм жанчынам: жонцы Лідзіі Якаўлеўне і яе маці Клаўдзіі Іванаўне, якія ахвяравалі ўсім, каб стварыць неабходныя ўмовы, акружалі яго цяплом і клопатам.
Іван у нашай сям’і быў старэйшым братам. У нас, у малодшых, засталіся самыя цёплыя і ўдзячныя пачуцці да яго. Хіба можна забыць галодны і халодны пасляваенны час? Хата наша згарэла ў вайну, застаўся толькі адзін хлеў. Даведаўшыся, што ўсе мы жывыя, але знаходзімся ў вельмі цяжкім матэрыяльным становішчы, Ваня, Лідзія Якаўлеўна і Клаўдзія Іванаўна дзяліліся з намі ўсім, што мелі, каб выратаваць нас ад голаду. Дапамаглі купіць нам напачатку старую хату, а крыху пазней дапамаглі пабудаваць новы вялікі дом.
Кожны прыход Івана Паўлавіча ў родныя мясціны для нас, малодшых, маці і бацькі быў заўсёды вялікім святам.
Пасля заканчэння БДУ я была накіравана працаваць у адну з сярэдніх школ Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. І ў першы год маёй працы да мяне прыязджалі Ваня разам з пісьменнікам А. Кулакоўскім, каб пабачыць, як мне жывецца і працуецца. Фёкла Антонаўна і Аляксандр Цітавіч – вельмі добрыя і чулыя людзі, у якіх я кватаравала, з вялікай сардэчнасцю прынялі такіх паважаных гасцей. З увагай слухалі яны вясельныя песні ў выкананні Фёклы Антонаўны. І сам Ваня спяваў, у яго быў прыемны барытон.
Шмат добрых і ўдзячных успамінаў засталося ў нас, малодшых братоў і сясцёр, сваякоў і землякоў. Мы будзем заўсёды ўдзячны Івану Паўлавічу за тое, што ён дапамог кожнаму выбраць свой жыццёвы шлях.
Нізкі паклон яго светлай памяці!..
Т.АЛЯХНОВІЧ, родная сястра пісьменніка, г. Мінск.