Зайшоўшы ў гэтую кватэру двухпавярховага доміка па вуліцы Новай аграгарадка Вялікі Бор, адразу заўважаеш шчырую і сяброўскую атмасферу, якая існуе паміж дарослымі і дзецьмі. І калі не ведаеш, то ніколькі не здагадаешся, што дзеці тут прыёмныя.
Гісторыя яго з’яўлення ў прыёмнай сям’і даволі цікавая. Спачатку муж і жонка планавалі ўзяць на выхаванне брата і сястру Іллю і Аляксандру, якія выхоўваліся ў Рэчыцкім доме-інтэрнаце, і якіх бралі да сябе на часовае пражыванне на адзін-два тыдні, каб дзеці адаптаваліся да дамашніх умоў. Калі наступіла поўная ўсвядомленасць таго, што прыёмнай сям’і быць, Дземідзенкі паехалі ў Рэчыцу забіраць дзяцей. У час афармлення дакументаў у кабінет дырэктара інтэрната зайшоў і Андрэй, каб развітацца з Іллём, з якім пасябраваў тут. Глядзеў на Васілія Міхайлавіча вачыма, поўнымі слёз. Не вытрымаў і заплакаў і Васілій Міхайлавіч. Таццяна Аляксееўна ў момант зразумела, што муж хоча забраць з сабой і гэтага чуллівага хлопчыка і дала маўклівую згоду, тым больш што адміністрацыя дома-інтэрната была не супраць.
Са з’яўленнем дачкі і сыноў дом Дземідзенкаў стаў поўнай чашай. Тут вельмі чыста, утульна і добра жывецца дарослым і дзецям. Дзеці маюць ўсё неабходнае: смачная ежа, прыгожае адзенне, а што самае галоўнае – шчырую любоў дарослых, якія пастараліся зрабіць усё магчымае, каб дзеці забыліся на жахі, якія калісьці адчувалі ў родных сем’ях.
Бацька Васілій Міхайлавіч працуе ў прадпрыемстве меліярацыйных сетак вадзіцелем, кожны дзень раніцай едзе на работу ў горад і вяртаецца познім вечарам. Але знаходзіць час, каб пацікавіцца, якія ацэнкі ў школе атрымалі, што настаўнікі задалі вывучыць на заўтра, а ўжо выхадныя дні поўнасцю прысвячае дзецям.
Таццяна Аляксееўна, акрамя таго што з’яўляецца прыёмнай маці, на паўстаўкі працуе рабочай ў Велікаборскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе. На перапынках дзеці бягуць да яе, каб падзяліцца самымі апошнімі школьнымі навінамі, параіцца, проста пабыць разам некалькі лішніх хвілін.
– Быць бацькамі – гэта вялікая праца, – зазначала Таццяна Аляксееўна. – Сямейнае жыццё не можа быць суцэльным святам. Сэнс шчаслівай сям’і, а да такой адношу і сваю, лічу, каб аддаваць. Клопатаў многа, але так прыемна адчуваць сябе шчаслівай матуляй. Ніколі не задумвалася над гараскопамі, ды так атрымалася, што Андрэй і Ілля нарадзіліся ў адзін і той жа дзень – 11 лютага, у мяне дзень нараджэння 15 чысла гэтага месяца. І, ведаеце, заўважаю ў нашых характарах агульныя рысы.
Але самая галоўная рыса ўсёй гэтай сям’і – працавітасць. Аляксандра, Ілля і Андрэй з’яўляюцца добрымі памочнікамі бацькоў у любой справе. Дзеці па чарзе выносяць смецце, мыюць посуд. Дапамагаюць маме гатаваць ежу, прыбіраць у пакоях, выконваюць любую работу па дамашняй гаспадарцы. Асабліва дзеці любяць даглядаць трусянят, ад клетак з гэтымі звяркамі іх не адарваць. Дзеці, якія з нараджэння пазналі боль, неразбэшчаныя празмернай апекай, цэняць шчасце набыцця сям’і і стараюцца па дому як могуць.
Адзначаючы стараннасць свайго работніка, дырэктар Велікаборскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Т.В. Іванюценка падкрэслівала:
–Таццяна Аляксееўна – вельмі добрая і чулая жанчына. Нягледзячы на тое, што Бог не даў ёй уласных крывінак, яна не ачарсцвела душой і не азлобілася на ўвесь белы свет. З вялікай пяшчотай адносіцца да тых, хто жыве побач. Дзеці на выхаванні ў гэтай прыёмнай сям’і знаходзяцца ўжо пяць гадоў, Аляксандра вучыцца ў 9 класе, Ілля – у 8, Андрэй – шасцікласнік. Мы, педагогі, бачым розніцу ў тым, якімі яны прыбылі, і якія цяпер ёсць. Да прыкладу, Ілля быў вельмі запужаны, зараз – камунікабельны. Усе дзеці добрыя, паслухмяныя, шчырыя і адкрытыя.
Так, Васілій Міхайлавіч і Таццяна Аляксееўна Дземідзенка знайшлі ключык да дзіцячых душ. І ключык гэты – любоў. Яны проста любяць сваіх дзяцей, і ў іх доме існуе атмасфера лёгкасці і цяпла, у якой так камфортна ўсім жывецца.
Клаўдзія БОСАК.