Скупыя радкі з кнігі «Памяць. Хойніцкі раён» аб подзвігу нашага земляка Аляксандра Аляксандравіча Пінчука: «Служыў у Афганістане чатыры гады. Пасля другога ранення ўрачы забаранілі яму ехаць сюды. Але дабіўся, каб паслалі зноў. А калі ляцеў у чарговы раз на баявое заданне, ад выпушчанай душманамі ракеты верталёт узарваўся…»
– Пазнаёміліся мы на вяселлі маёй сяброўкі Ніны Бандарэнка, – расказвае Соф’я Аляксандраўна. – Я тады вучылася на апошнім курсе ў Гомельскім медвучылішчы і была на вытворчай практыцы. Аляксандр служыў прапаршчыкам у арміі. Мне было дзевятнаццаць з паловай гадоў, яму – дваццаць адзін з паловай. Гэта было каханне з першага погляду: 11 студзеня ўбачылі адзін аднаго, 17 студзеня прыходзілі да мяне сваты, 25-га мы згулялі сваё вяселле, а 6 сакавіка я ўжо прыехала ў Ташкент, дзе муж праходзіў службу.
Спачатку сям’я здымала кватэру, потым далі жыллё ў доме афіцэрскага саставу на дзве сям’і з агульнай кухняй.
– Аляксандр быў вельмі добрым мужам і клапатлівым бацькам, – гаворыць Соф’я Аляксандраўна. – Вельмі запомніўся мне дзень перад ад’ездам яго ў Афганістан. З дочкамі Машай і Танечкай гулялі ў парку, елі марожанае, Саша купіў нам кветкі. З Афганістана прысылаў цёплыя пісьмы. А праз месяц загінуў… Я вельмі дрэнна памятаю той час, калі атрымала вестку аб смерці мужа. Загінуў ён 12 кастрычніка 1985 года, пахаванне адбылося толькі 25 чысла ў вёсцы Звяняцкае, куды я прыязджала са старэйшай дачкой Машай.
Аляксандр Пінчук назаўсёды застаўся трыццацігадовым. На гэтай зямлі пакінуў ён свой працяг. Выраслі і стварылі свае сем’і яго дзеці. Дачка Маша падарыла Соф’і Аляксандраўне трох унукаў – хлопчыкаў васьмі і дзевяці гадоў Ігара і Сашу, дзяўчынку Насценьку, якой чатыры месяцы.
Беражліва захоўвае С.А. Пінчук пісьмы мужа, узнагароды – ордэнам Чырвонай Зоркі ён узнагароджаны пасмяротна. Кожны год прымае ўдзел жонка загінуўшага воіна-афганца ў мерапрыемствах, прысвечаных Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У праграме абавязковае наведанне магіл загінуўшых землякоў, на які воіны, прайшоўшыя праз Афганістан, ускладваюць вянкі і кветкі.
Гутарыўшы з Софіяй Аляксандраўнай, успомніла расхожае выказванне: «Пакуль з двух любячых людзей жыве хоць адзін чалавек, каханне працягваецца». Пра свайго мужа яна гаворыць толькі ўсё самае добрае, для яе ён застаецца самым дарагім чалавекам.
Клаўдзія БОСАК.