Моцныя духам і целам хайнічане ўзялі 5 медалёў на рэспубліцы

Спорт

8-9 лютага ў Гомелі прайшла Спартакіяда Рэспублікі Беларусь сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і спецыялізаваных спартыўных школ алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы. Спаборнічалі каманды ў Гомельскім лёгкаатлетычным манежы цэнтра Алімпійскага резерву.



Гомельскую вобласць на іх прадстаўляла каманда дзіцячай спартыўнай школы аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму Хойніцкага райвыканкама ў складзе сямі чалавек.
Са спаборніцтваў юнакі і дзяўчаты прывезлі ў агульнай колькасці 5 медалёў. І хаця сярод іх няма ўзнагарод вышэйшай пробы, але ўсё роўна патрэбна адзначыць, што выступілі нашыя юныя спартсмены дастойна, а залатыя медалі ў іх яшчэ наперадзе.



Уладзіслаў Буглак (СШ № 3) заняў другое месца ў бегу на 1500 метраў і трэцяе – на 800 метраў. Юнацкая каманда ў складзе Уладзіслава Буглака, Уладзіслава Мастабая (Стралічаўская школа) і Сяргея Зелянкоўскага (СШ № 3) стала другой ў эстафеце 600+400+200 метраў. Кожны з юнакоў узнагароджаны асабістым медалём.
Акрамя таго ў эстафеце каманда дзяўчат у складзе Юліі Козуб (Паселіцкі д/с-СШ), Анастасіі Прызван (СШ № 3) і Вольгі Варабей (СШ № 3) стала восьмай. У бегу на 400 метраў Анастасія Прызван заняла пятае месца, а Юлія Козуб – восьмае месца ў бегу на 1500 метраў. Сёмы вынік паказаў Уладзіслаў Мастабай у бегу на 400 метраў.


 


Вольга БЕЛАШ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *