17 лютага ў глядзельнай зале ГЦКіС «Меліяратар» інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама А.В. Бічана правяла сустрэчу з жыхарамі раёна. Напачатку Аляксандр Васільевіч выканаў прыемную місію – уручыў Падзячныя пісьмы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі за вялікую работу, якая была праведзена пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Тэмай адзінага рэспубліканскага дня інфармавання былі вынікі перапісу 2009 года і выкананне Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2007-2010 гады.
На жаль, з 1993 года паступова змяншаецца колькасць жыхароў нашай краіны. Калі гаварыць адносна Хойніцкага раёна, то на яго тэрыторыі гэта негатыўная тэндэнцыя пачалася раней – у 1990 годзе.
Каб спыніць дэмаграфічны спад і перайсці паступова да яго стабілізацыі, у Беларусі склалася разгалінаваная сістэма дзяржаўнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі, якая ўключае: дапамогі па цяжарнасці, родах і ўтрыманню дзяцей; аказанне мнагадзетным сем’ям фінансавай дапамогі ў вырашэнні жыллёвых праблем; прадастаўленне ім падатковых ільгот, забеспячэнне бясплатным харчаваннем дзяцей першых 2-х гадоў жыцця, сацыяльнае абслугоўванне. Забяспечваецца прыярытэт сямейных форм устройства на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без папячыцельства бацькоў.
Трэба адзначыць, што сумарны каэфіцыент нараджальнасці на 1 жанчыну ў Беларусі павысіўся з 1,29 у 2005 годзе да 1,44 – у 2010-м. Значэнне гэтага паказчыка ў нашай краіне некалькі вышэй, чым у сярэднім па Усходняй Еўропе (1,39), а таксама ў такіх еўрапейскіх краінах, як Польшча (1,28), Славакія (1,31), Германія і Румынія (па 1,33), Аўстрыя, Венгрыя, Грэцыя і Літва (па 1,39), Украіна (1,40).
Што датычыць агульнага каэфіцыента смяротнасці, то за апошнія гады ён у нашай краіне крыху павялічыўся. У першую чаргу гэта звязана са стварэннем беларускага грамадства. Калі гаварыць пра асобныя прычыны, то імі ў Беларусі да апошняга часу з’яўляюцца: хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, новаўтварэнні і знешнія прычыны.
У Хойніцкім раёне ў 2010 годзе памёрла на 137 чалавек больш, чым у 2009 годзе. Прычынай смерці 172 чалавек з 402 памёршых у мінулым годзе сталі хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Летась на Хойнікшчыне выяўлены 23 хворыя на туберкулёз. І хоць у выніку набыцця спецабсталявання ў раённую бальніцу крыху знізіўся ў нас узровень захворваемасці гэтай сацыяльнай хваробай (са 107,7 выпадкаў на 1 тыс. насельніцтва ў 2009 годзе да 103,2 у 2010 годзе), аднак супакойвацца нельга. Кожны жыхар раёна ў абавязковым парадку павінен адзін раз у год праходзіць флюараграфічнае абследаванне. А самае галоўнае – весці здаровы лад жыцця, у якім не будзе месца п’янству і алкагалізму, курэнню, наркаманіі і таксікаманіі. І толькі паслядоўнае замацаванне гэтых пазітыўных тэндэнцый будзе працаваць ва ўсім нашым грамадстве і на выкараненне дрэнных звычак, і на рост колькасці насельніцтва, і на павышэнне якасці жыцця людзей.
У заключэнне кіраўнік раёна А.В. Бічан адзначыў, што моду на здароўе ў сваіх калектывах павінны дэманстраваць асабістым прыкладам іх кіраўнікі. Усяляк заахвочваць жаданне чалавека падтрымліваць здаровы дух у здаровым целе. З гэтым намерам прадугледжваць у калектыўным дагаворы ўмовы заахвочвання тых, хто кінуў піць, курыць, не ходзіць на працягу года на бальнічны. Будуць здаровыя бацькі – будуць нараджацца здаровыя дзеці. А гэта самая галоўная ўмова шчасця ў сям’і.
Ірына Васільева.