Весела, з жартамі, песнямі, смачным салам прайшоў у аграгарадку Судкова раённы этап сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар вёскі – 2025».
Тры сям’і змагаліся за званне пераможцы! Муж і жонка Арсеній і Вольга Шпарун з Веляціна, Дзмітрый і Вольга Брухавецкія з Судкова, Кірыл і Таццяна Пляско з Барысаўшчыны. Канешне, без дзяцей выпрабаванні не праходзілі.
Стартаваў конкурс з візітных картак. Удзельнікі расказалі пра сябе, сямейныя традыцыі і захапленні. Падчас прэзентацыі гучалі песні, вершы.
Хапала на свяце не толькі відовішчаў, але і хлеба! На алеі сельскіх падворкаў сем’і расклалі абрусы-самабранкі, застаўленыя самымі рознымі смачнасцямі. Гледачы і члены журы паспыталі салёныя агурочкі, мачанку з блінамі, арэшкі са згушчонкай. Адным словам, пальчыкі абліжаш!
Удзельнікі дэманстравалі, наколькі яны добрыя гаспадары. Бацькі спаборнічалі ў рубцы і складанні дроў. І ў спартыўнай эстафеце паказалі майстар-клас, дзеці таксама не падвялі.
Выпрабаванні з сельскім каларытам лепш за ўсіх прайшла актыўная сям’я Пляско. І яны заваявалі тытул «Уладар вёскі – 2025». Прычым, ужо другі раз на раённым этапе.
Маці Таццяна зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, бацька Кірыл працуе вадзіцелем у РАНС. Самаму маленькаму сыночку Багдану 2 гады. Падрастае яшчэ сын Глеб і дачка Валерыя.
Павіншавалі пераможцу і прызёраў старшыня раённага Савета дэпутатаў, раённага аддзялення партыі «Белая Русь» Людміла Рудчанка, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Кушнер, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Наталля Ешчанка, першы сакратар райкама БРСМ Наталля Іўлева, прафсаюзны лідар райкама прафсаюза АПК Святлана Марчанка.
Падарункі ўдзельнікі атрымалі ад раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў: «БРСМ», «Фонду міра», «Белай Русі».
Пасля конкурсу пераможцы падзяліліся ўражаннем:
– Рыхтаваліся грунтоўна, прадумвалі візітку, шмат рэпеціравалі, пяклі ўсю ноч смачныя пачастункі, прадумвалі вобразы. Перад конкурсам хваляваліся, хаця ўжо не першы раз удзельнічалі. Верылі, што ў нас усё атрымаецца. Сакрэт нашага сямейнага шчасця крыецца ва ўзаемаразуменні, сяброўстве і цярпенні. Мы заўсёды неразлучныя.
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.