Пілі разам. Бацька і 23-гадовы сын Дзяніс. Гасцявалі ў доме № 7 па вуліцы Савецкай. Пасля пачалі сварыцца, а калі ў нашчадка не хапіла слоў, кінуўся на Аляксандра Афрыканавіча з кулакамі. Потым схапіў нож, стаў наносіць удары ў шыю, галаву.
Гаспадар дома, убачыўшы, што справа дабром не закончыцца, стаў бараніць старэйшага з Галавацкіх. Дзяніс разбіў пустую бутэльку аб галаву заступніка і, трымаючы ў руцэ тое, што засталося ад верхняй часткі, стаў біць па руках Мікалая Блізнюка.
Дзікунства: сын падняў руку на бацьку, хацеў пазбавіць жыцця таго, хто даў жыццё яму і вырасціў… Прычына? У першую чаргу – п’янства, на глебе якой і ўзнікае бытавая злачыннасць.
Сямейна-бытавыя адносіны схаваны ад пабочных вачэй. Калі пастаянныя скандалы ў сям’і выліваюцца ў трагедыю, то толькі тады яны становяцца вядомы грамадскасці і заканчваюцца пакараннем. Нярэдка ж дэбашырам, дзякуючы патуральніцтву пацярпеўшых членаў сям’і, удаецца ўхіляцца ад адказнасці.
Адны намаганні міліцыі не наладзяць у сем’ях скандалістаў спакой і нармальныя адносіны, калі яны не захочуць гэтага самі. Пераадолець сітуацыю можна толькі сумеснымі скаардынаванымі дзеяннямі грамадства і праваахоўных органаў.
Як сказана вышэй, прычыны ў першую чаргу ў п’янстве. Жахлівыя лічбы: летась у раёне выяўлена і спынена 276 фактаў незаконнай рэалізацыі алкагольнай прадукцыі і парушэнняў антыалкагольнага заканадаўства, знішчаны 12081 літр самагону і самагоннай брагі, супрацоўнікамі РАУС на ўлік у наркалагічную службу ЦРБ пастаўлена 304 чалавекі, у тым ліку 5 жанчын. У ЛПП накіравана 20 хранічных алкаголікаў (большасць з якіх сямейныя скандалісты). Пастаўлена на ўлік 80 сямейных скандалістаў.
Для аператыўнага рэагавання на паступаючыя паведамленні аб парушэннях антыалкагольнага заканадаўства ў Гомельскай вобласці арганізавана работа “гарачай лініі” палка ППСМ УУС, на якую ў 2008 годзе паступіла 868 паведамленняў, у РАУС – 2538, з якіх 1120 паведамленняў пацвердзіліся.
У сувязі з гэтым з 2 па 19 красавіка ў рэспубліцы, у тым ліку і ў нашым раёне, органамі ўнутраных спраў праводзяцца комплексныя прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне правапарушэнняў, насілля ў сям’і, п’янства, а таксама фарміраванне здаровага ладу жыцця ў грамадзян. Трэба адзначыць, што аналагічнае мерапрыемства праводзілася ўжо ў лютым гэтага года, што дазволіла ў пэўнай ступені стабілізаваць абстаноўку і дабіцца станоўчых вынікаў. Пад асаблівым кантролем знаходзяцца сямейныя скандалісты, раней судзімыя, абавязаныя асобы, тыя, хто знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, неспрыяльныя сем’і, хто знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, адзінокія і адзінокапражываючыя грамадзяне.
Просім кожнага не застацца раўнадушным да праблемы і аб усіх фактах парушэння антыалкагольнага заканадаўства, а таксама парушэннях у сферы сямейна-бытавых адносін паведамляць на “гарачую лінію” палка ППСМ УУС па тэлефонах: 8(0232)45-55-90 або 102.
А. ЛОБАН, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.