У пачатку другой дэкады мая на тэрыторыі раёна склаліся аптымальныя пагодлівыя ўмовы для пачатку сезона нарыхтоўкі кармоў. Кароткачасовыя начныя дажджы стымулявалі рост травастою, а сонца, якое яшчэ не набрала максімальнай летняй актыўнасці, разам з цёплым майскім ветрам паспрыялі добраму правяльванню і прасыханню скошанай травяной масы. Такое надвор’е грэх было ўпусціць, і працаўнікі эксбазы «Стралічава» аднымі з першых у раёне, акурат у сярэдзіне апошняга веснавога месяца пачалі корманарыхтоўчую кампанію. Слова – в. а. галоўнага агранома гаспадаркі Ігару Яўгенавічу Кліменку.
Сена плануем нарыхтаваць не менш, чым было ў мінулую зімоўку, калі яго хапіла і грамадскаму статку, і жывёле насельніцтва: па 1 тоне на карову мы выдзялялі яго людзям, якія здавалі цялят у гаспадарку. Першачарговая ўвага нарыхтоўцы зялёнай масы на сена тлумачыцца яшчэ і тым, што летась, па прычыне засушлівага надвор’я, другі ўкос у большасці пайшоў на закладку ў траншэю, таму імкнемся зараз максімальна выкарыстаць магчымасці першага ўкосу траў для нарыхтоўкі сена.
Першым у нядзелю 15 мая на зялёную ніву выйшаў вопытны механізатар Сцяпан Іванавіч Шапялевіч. На трактары МТЗ 1523 з лідскай касілкай КЛД-3,14 ён і сёння косіць травы ў валкі, якія потым прасыхаюць і правяльваюцца, пасля чаго да работы на трактары МТЗ 80 з механічнымі граблямі прыступае трактарыст Фёдар Аляксеевіч Сідарэнка. Ён варушыць і пераварочвае валкі для раўнамернага і поўнага прасыхання.
На нарыхтоўцы травяной масы на зялёны корм за здзейнічаны кормаўборачны агрэгат КГ-6, на якім працуе адзін з самых аўтарытэтных механізатараў у гаспадарцы – Аляксандр Мікалаевіч Дрончанка. Ён падбірае і здрабняе правяленую масу, а потым грузіць яе ў кузаў аўтамабіля МАЗ. На ім гатовую зялёную масу на фермы адвозіць вадзіцель Аляксандр Міхайлавіч Ходас.
Дарэчы, думаюць у гаспадарцы не толькі пра сённяшні, але і заўтрашні дзень. Так, І.Я. Кліменка расказаў аб тым, што ўчастак уздоўж аўтатрасы Хойнікі – Брагін, на якім зараз вядзецца кашэнне траў для нарыхтоўкі сена, пасля завяршэння першага ўкосу будзе пераараны і на ім плануецца пасеяць пайзу – хуткарастучую кармавую культуру, з якой да завяршэння корманарыхтоўкі можна будзе паспець зняць яшчэ два ўкосы якаснай зялёнай масы. А з восені на будучы год на гэтым участку будзе створана 35 гектараў выдатнай многакампанентнай пашы.
Нядрэнна да гэтага часу паднялася і люцэрна на полі за Высокім. І тут плануюць узяць не менш двух укосаў: пасля заканчэння першага глеба будзе падкормлена мінеральнымі ўгнаеннямі, што таксама павінна даць добры травастой другога, а магчыма, і трэцяга ўкосаў.
Рана, з першымі промнямі сонца – у 5 гадзін раніцы – пачынаюцца работы, якія працягваюцца ўвесь светлавы дзень. А для таго, каб не губляць час, у гаспадарцы паклапаціліся аб двухразовым гарачым харчавані механізатараў – абеды і вячэры дастаўляюцца прама на зялёныя палеткі. Стымуляваць тэмпы і якасць работ павінны ўмовы аплаты працы, прэміравання, даведзеныя пад роспіс да кожнага нормы выпрацоўкі і ўмовы працоўнага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў.
Віктар НАЗАРАНКА.