У мінулы панядзелак, 27 чэрвеня, у малай зале пасяджэнняў аблвыканкама прайшла чарговая і стаўшая ўжо традыцыйнай прэс-канферэнцыя старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта У.А. Дворніка журналістам друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі, якія працуюць у нашым рэгіёне.
Ёсць і праблемы. Так, аб’ём тавараў і паслуг перавышае лічбы студзеня-мая мінулага года ў цэлым, але за кошт паслуг (+15 %). А па таварах маем мінус 159 мільёнаў рублёў, значыць, не хапаючыя тавары патрэбна завозіць з-за межаў вобласці, а то і краіны.
Не дасягнута і прагнозная лічба (116 %) па інвестыцыях у асноўны капітал – 112 працэнтаў. Тут прычынай з’яўляецца зніжэнне аб’ёмаў агульнага будаўніцтва па розных дзеючых у вобласці дзяржаўных праграмах.
Яшчэ па аднаму важнаму паказчыку мінусуе вобласць: рэнтабельнасць продажу за паўгоддзе ў цэлым чакаецца на ўзроўні 7,5 %. А для таго, каб мець магчымасць мадэрнізацыі вытворчасці за кошт уласных сродкаў, гэты паказчык павінен быць не ніжэй 10 працэнтаў.
ВАЛЮТНЫ КРЫЗІС І ЯГО ЎПЛЫЎ НА РАБОТУ ПРАМЫСЛОВАСЦІ ВОБЛАСЦІ
У першую чаргу пацярпелі прадпрыемствы, якія залежаць ад імпартнай сыравіны. Аднак прынятыя меры далі свой плён: ніводнае прадпрыемства не спынена, людзей не скарачаюць і не накіроўваюць у водпуск за свой кошт. Зараз у вобласці наладжана сістэма маніторынгу валютнага балансу прадпрыемстваў усіх форм уласнасці і кантролю за сітуацыяй, што дазваляе аператыўна рэагаваць на ўзнікаючыя цяжкасці.
СІТУАЦЫЯ Ў СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРЦЫ
На выніках работы аграрнага сектара эканомікі негатыўным чынам адбіліся ўмовы надвор’я, якія адмоўна паўплывалі і на нарыхтоўку кармоў, і на стан пасеваў збожжавых і зернебабовых культур, і на вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. Працяглая засуха пашкодзіла травастоі, «падпаліла» не менш 15 % пасеваў каласавых. Тым не менш, дзякуючы апошнім дажджам, сітуацыя на збожжавым полі палепшылася, лепш мінулагодняга выглядаюць зараз пасевы бульбы і гароднінных культур.
Нельга не адзначыць і вялікую работу працаўнікоў сельскай гаспадаркі па фарміраванню будучага ўраджаю. Пасяўныя плошчы ў параўнанні з мінулагоднімі павялічыліся на 71,9 тыс. гектараў (на 10 %), плошчы збожжавых і зернебабовых – на 53,9 тыс. га (+13 %), а кукурузы на сілас – на 44,7 тыс. гектара (+37 %). Павелічэнне дасягнута за кошт разворвання нізкапрадуктыўных кармавых угоддзяў. У цэлым чакаем ураджай не горшым за мінулагодні, вырашальнай бачыцца і задача забеспячэння сытнай зімоўкі жывёлы. Прырост кармавой базы будзе забяспечвацца перш за ўсё за кошт павелічэння пасеваў кукурузы, якая павінна даць якасны сілас.
Прагучала на прэс-канферэнцыі і пытанне наконт перспектыў вырошчвання на Гомельшчыне грэчкі, цана на крупу якой перасягае межы разумнага. Па словах губернатара, грэчка – наша культура і яе плошчы ў вобласці пастаянна растуць. Сёлета, напрыклад, яны павялічаны на 13 працэнтаў, а гэта плюс 6,8 тысячы гектараў. На нашых землях яна добра расце і мы павінны не толькі забяспечыць грэчкай наша насельніцтва, але і прадаваць на знешнім рынку яе за валюту – такая задача зараз пастаўлена.
Што датычыць цэн, то Беларусь зараз знаходзіцца ў адзіным Мытным саюзе з Расіяй і Казахстанам, дзе цэны на грэчку намнога вышэй. Пагэтаму і вывозілася яна цэнтнерамі за рубеж. Выроўніванне цэн дазволіла спыніць гэты працэс.
ЖЫЛЛЁВАЕ БУДАЎНІЦТВА
За перыяд са студзеня па чэрвень 2011 года ў эксплуатацыю будзе здадзена больш за 530 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Гэта больш, чым у адпаведным перыядзе мінулага года. Аднак паўстае праблема нясвоечасовага і нерытмічнага фінансавання будаўніцтва жылых дамоў і аб’ектаў інфраструктуры ў раёнах забудовы. Зараз Мінэканомікі, Мінархітэктуры і будаўніцтва і наш аблвыканкам сумесна распрацоўваюць прапановы аб удасканальванні дзяржаўнага рэгулявання цэн у жыллёвым будаўніцтве, якое ажыццяўляецца з дзяржпадтрымкай. Таму перспектывы жыллёвага будаўніцтва на бліжэйшыя гады можна абмяркоўваць пасля іх зацвярджэння на рэспубліканскім узроўні. Але менш будаваць мы не будзем.
Віктар НАЗАРАНКА.