Да Дня народнага адзінства: у «Алімпе» – мачанка, у «Сузор’і» – «Папараць-кветка», у «Чардаке» – «Дранікбургер». Якія прысмакі чакаюць хайнічан

Важное День народного единства

Стала выдатнай традыцыяй у Дзень народнага адзінства адзначаць і Адзіны дзень беларускай нацыянальнай кухні. Акцыя накіравана дзеля папулярызацыі нацыянальных страў.

Да дзяржаўнага свята хойніцкія аб’екты грамадскага харчавання распрацавалі святочнае меню. Каб аддаць павагу выдатным прыкладам нацыянальнай кулінарыі, землякоў запрашаюць на абед у кафэ «Сузор’е», рэстабар «Алімп» і лофт-бар «Чардак».

– З 15 да 19 верасня з 12.00 да 16.00 запрашаем усіх жадаючых на беларускія абеды. На кожны дзень запланавана адна нацыянальная гарачая страва. У панядзелак гэта будуць дранікі, у аўторак – наліснікі з мясам, у сераду – мачанка з блінцамі. Чацверг прысвяцілі знакамітай беларускай страве «бабка», а пятніцу – «калдунам» з мясам, – расказвае ўласнік «Алімпа» Віталій Цішкевіч. – У комплексны абед коштам 13 рублёў уваходзіць, акрамя гарачага, першае, салат і кампот. Набор можна ўзяць з сабой.

Смачны асартымент і ў «Сузор’і». Як паведаміла повар Алена Вінічэнка, 17 верасня з 10.00 да 17.00 у меню Дня народнага адзінства салаты «Палескі» з птушкай і «Папараць-кветка». Гарачыя стравы – дранікі са смятанай, яечня, свініна запечаная з грыбамі, катлета «Апетытная», боршч «Беларускі».

У лофт-бары «Чардак» прапануюць дранікі з бяконам і яйкам, а таксама «Дранікбургер».

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *