Моцная сям’я – моцная дзяржава: выхоўваць васьмёра дзяцей для мужа і жонкі Віннік з Хойнік – вялікае шчасце

Общество

Збірацца разам за сняданкам і вячэрай – добрая традыцыя. А яшчэ паход у гарадскі парк – за радасць.

Рука аб руку ідуць мама, бацька, пяцёра цудоўных дочак і тры сына. Сумаваць шматдзетнай сям’і Віннік з Хойнік не даводзіцца: разам заўсёды весела, і сапраўды ёсць, што абмеркаваць, падзяліцца навінамі за дзень.

Дзмітрый і Галіна ажаніліся ў 2009 годзе. Аснову іх шчасця складае васьмёра дзяцей – самай дарослай Марыі 16 гадоў (падчас фотасесіі дзяўчына знаходзілася на занятках у Гомельскім педкалледжы, дарэчы, будучы выхавальнік). Меншую завуць Вікторыя – яшчэ двух годзікаў няма, Макар ходзіць у сад, а Уладзіслава, Аляксандра, Кірыл, Станіслаў, Павел – школьнікі.

Дзеткі вельмі актыўныя і добразычлівыя. Глава сямейства – прыклад для рабят. «Наш тата самы лепшы, моцны, нас на руках носіць, а маці – самая прыгожая!», – з гонарам заяўляюць дзеці. Дзмітрый Віннік не толькі зарабляе грошы на вялікую сям’ю, у мужчыны свая справа ў аўтабізнэсе, але і вучыць дзяцей быць адказнымі і працавітымі. «Я сам са шматдзетнай сям’і, таму і захацеў сабе стварыць падобную. Ды і жонка толькі «за». І памочнікі ў нас ёсць – цешча і цесць з задавальненнем пасядзяць з унукамі», – распавядае Дзмітрый.

Дзеці добра рэагуюць на тое, што ў іх так многа братоў і сясцёр. «У мяне ёсць каму за мяне заступіцца. Мае старэйшыя браты не падвядуць, не дазваляюць мяне пакрыўдзіць», – падхоплівае гутарку Макар.

Звычайны дзень пачынаецца для Віннікаў рана – каля сёмай гадзіны раніцы. Сняданак, зборы і развоз па школах і ў сад. Прычым, за рулём Галіна таксама ездзіць. Жанчына прызнаецца, што яна як універсальны салдат, усё можа, толькі часам гэтага не паказвае. Вось яна – жаночая логіка. А вынік адзін – каб мужчына дапамагаў. Напрыклад, з дзецьмі ўрокі зробіць, бліны прыгатуе, у хаце прыбярэ, калі гаспадыня прытамілася.

Дзмітрый Віннік успамінае той час, калі ім даводзілася жыць на здымнай кватэры. Але дзякуючы дзяржаўнай праграме льготнага крэдытавання і семейнаму капіталу атрымалася ажыццявіць мару аб уласным жыллі. «Цяпер у нас ёсць і двухпакаёвая кватэра, і дом. Мы хацелі стварыць утульную прастору для ўсіх дзяцей. І ў нас атрымалася. У кожнага ёсць свой куточак, але пры гэтым мы заўсёды разам», – дадае Галіна.

Канешне, бываюць капрызы сярод маленькіх Віннікаў. Але ў сям’і адно выручае – шмат цяпла і кахання. Часам і настрой у бацькоў бывае дрэнны з-за розных клопатаў, аднак калі твой сыночак ці дачушка ідзе цябе абдымаць – аб усім забываеш. Гэта вялікае шчасце – мець такую вялікую сям’ю. Кожны дзень іх жыцця насычаны радасцямі і важнымі справамі, агульным чаяпіццём і сумеснымі гульнямі на вуліцы (самая любімая «Паляўнічы і качкі» (с рус. «Охотники и утки»). Рыбалка – захапленне, якое іх аб’ядноўвае. Часцяком уся сям’я выязджае на прыроду з вудачкамі, мангалам, казаном, мясам.

– Для нас самае галоўнае, каб дзеці выраслі паслухмянымі, паважалі людзей і добра ставіліся да ўсіх. Каб яны атрымалі добрую прафесію і былі адказнымі. А мы заўсёды дапаможам – дзеляцца муж і жонка Віннік.

Тэкст і фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *